Кіраўнік Віцебскага грамадзкага цэнтру Хрыстафор Жаляпаў, адкрываючы канфэрэнцыю, казаў пра тое, што аднаўленьне гістарычных народных традыцыяў будзе спрыяць захаваньню гісторыка-культурнай спадчыны і стварэньню базы для рэгіянальнай вытворчасьці. У якасьці прыкладу ён прывёў досьвед краін Балтыі, дзе на мясцовым узроўні аднавілі народныя промыслы, якія дапамагаюць захоўваць людзям пэўную эканамічную незалежнасьць.
Першым свой праект прэзэнтаваў краязнаўца з Воршы Эдуард Навагонскі. Перш як паказаць дакумэнтальны фільм «Шпанка – напой, якому не было роўных», ён распавёў пра гісторыю яго стварэньня. Усё пачалося з успамінаў мясцовых жыхароў пра непаўторны смак вішнёвага напою, які называўся шпанка. Напой выпускалі мясцовыя габрэі, але рэцэпт яго быў страчаны.
Другі фільм Эдуарда Навагонскага, «Таямніца бутэлек Вайнберга», глядзелі ў нядзелю.
Прыязна сустрэлі прысутныя майстра-ганчара з Шаркоўшчыны Сяргея Рымдзёнка. Ягоны выступ стаўся падарожжам у сьвет ганчарнага майстэрства і паўстаньня гэтай справы на тэрыторыі Беларусі з часоў нэаліту.
Вельмі падрабязна распавёў майстра пра ступені ўласнага авалоданьня гэтай няпростай справай, пра аднаўленьне ганчарнага рамяства на тэрыторыі Шаркоўшчынскага рэгіёну. Падзяліўся ганчар і сваімі дасягненьнямі, якіх нямала. Гэта ўдзел у розных фэстывалях і перамогі на разнастайных конкурсах.
У першы дзень канфэрэнцыі краязнаўца Міхал Гіль з Паставаў ня толькі распавёў пра гісторыю выпечкі «лынтупскага перніку», але і пачаставаў рознымі яго гатункамі. А назаўтра ён жа пазнаёміў прысутных з альтэрнатывай расейскай масленіцы – «Камаедзіцай», беларускім сьвятам провадаў зімы.
Тамара Карабец зь вёскі Юстыянава Верхнядзьвінскага раёну частавала рознымі гатункамі хатніх сыроў і самаробным фірмовым напоем «Юстыянаўка».
Распавяла яна і сваю гісторыю, як пасьля выхаду на пэнсію стала гаспадыняй аграсядзібы. У пяцьдзесят пяць гадоў, яшчэ працуючы дырэктаркай банку, яна вырашыла, што ёй патрэбны агратурызм. Пасьля гэтага яна ніколі не пашкадавала, што занялася гэтай справай. Як яна кажа, столькі зносінаў зь людзьмі яна ня мела нават працуючы ў банку. Удзел у фэстывалях, імпрэзах, супольных праектах зь сябрамі з краін Балтыі пашырыў геаграфію кантактаў і разнастаіў жыцьцё.
Уладзімер Кунцэвіч з Наваполацку падзяліўся рэцэптам беларускага алькагольнага напою «Крупнік» і прыгатаваў яго на вачох удзельнікаў. Упершыню пра «Крупнік» як беларускі напой згадваў яшчэ наш выбітны пісьменнік Уладзімер Караткевіч, а ў 90-я, калі паўставала беларуская незалежнасьць, пра яго загаварылі зноў як пра нацыянальны брэнд.
Вельмі пазнавальным быў выступ прадстаўніцы Латвійскай асацыяцыі самакіраваньня Івіты Пейпінэ, якая пазнаёміла з сыстэмай самакіраваньня ў Латвіі і распавяла пра супрацоўніцтва зь беларускімі мясцовымі органамі ўлады.
Мая Сарканэ з латыскага пасёлку Царнікова падзялілася досьведам ў захаваньні культурнай спадчыны і супрацоўніцтве зь мясцовымі органамі ўлады. Як дырэктарка музэю міногі, яна распавяла пра тое, як яны выкарыстоўваюць на карысьць краю ўнікальны промысел лоўлі міногі. Да трыццаці тысячаў наведнікаў зьбірае штогадовае сьвята міногі, якое прыносіць добрыя грошы ў мясцовы бюджэт.
Закрываючы мерапрыемства, Хрыстафор Жаляпаў адзначыў плённасьць зробленага і пажадаў усім новых посьпехаў.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2311-mizhnarodny-forum-prysvechany-narodnym-tradytsyyam-prajshou-u-vitsebsku#sigProId7ceee1c2f2
С. Горкі