Ідэя сьвята ў гонар славутага батаніка мінулага стагодзьдзя Ўладзімера Адамава грунтавалася на тым, каб падтрымліваць у чысьціні і парадку будынак былой сядзібы навукоўца. Сёлета ідэя страціла сваю актуальнасьць. Будынак на сёньняшні дзень выкуплены, паводле словаў мясцовых жыхароў, новы гаспадар – беларус, які мяркуе тут жыць. На жаль, пазытыўных зьменаў – рэстаўрацыі або кансэрвацыі – за цэлы год так і не адбылося. Але і валянтэрам цяпер тут рабіць няма чаго.
Затое адбыліся кардынальныя зьмены ў працы Лятчанскай школы. І сёлетні Адамаўскі фэст стаў цудоўнай нагодай, каб іх прэзэнтаваць.
Школьная бізнэс-кампанія і патэнцыял краю
– Лятчанская школа перамагла ў конкурсе школьных бізнэс-кампаніяў, што адбыўся напрыканцы мінулага году, – расказаў дырэктар навучальнай установы Міхаіл Дук, які сустрэў гасьцей у вобразе таго самага батаніка Ўладзімера Адамава. – Наша прапанова аказалася ўнікальнай: мы вырашылі стварыць школьнае турыстычнае агенцтва. У хуткім часе падпішам пагадненьне з ВДУ. А празь нейкі час экскурсіі будуць праводзіць нашы вучні.
Эксклюзіўнасьць экскурсіяў у тым, што ў лятчанскай школе прыдумалі, як спалучыць яркую гісторыю краю, ад якой засталося вельмі мала матэрыяльнай спадчыны, з назіраньнем за жывой прыродай. У кантэксьце гэтай ідэі выкладчыкі ўнівэрсытэту створаць некалькі арніталягічных маршрутаў, дапамогуць распрацаваць «зялёныя сьцежкі» і нанесьці іх на геалякатары. Такім чынам, назіраць за птушкамі можна будзе ня толькі групай у суправаджэньні экскурсавода, але і самастойна, заплаціўшы сымбалічную суму за інфармацыю пра тое, дзе і якую птушку можна пабачыць.
Арніталягічныя маршруты будуць пракладзеныя з улікам знаходжаньня гістарычных каштоўнасьцяў, і некаторыя зь іх ужо добра прадуманыя. Ёсьць у плянах маршрут да прыроднай тэрыторыі «Чортава барада», дзе турыстаў чакае знаёмства зь незвычайнай гісторыяй назвы мясьціны. Настолькі незвычайнай, што яна стала матэрыялам для квэсту, які ўжо паспрабавалі правесьці вучні Кіраўскай школы. Другі маршрут пазнаёміць з птушкамі і азёрамі вёскі Драгакупава, багатай на легенды і паданьні. Трэці – завядзе на хутар Касьцюкі, дзе быў пахаваны велікан Фёдар Махноў…
Першы маршрут – для першых гасьцей праекту
Усе маршруты розныя па напаўненьні, па складанасьці. І Адамаўскі фэст стаў выдатнай нагодай, каб прайсьці па самым лёгкім зь іх. Экскурсаводаў было адразу двое. Гісторык Міхаіл Дук апавядаў захапляючыя легенды, а кандыдат біялягічных навук, старшыня Віцебскага абласнога аддзяленьня ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Галіна Захарава зьвяртала ўвагу на птушак, якіх можна было пабачыць і пачуць па дарозе.
Шлях ляжыць празь лес, у Вялікія Лётцы. І першы падарунак – прыгажуня-сойка. Нібыта адмыслова прыляцела, каб паказаць усю сваю прыгажосьць. Дзяцел з кормам у дзюбе сьпяшаецца да свайго дупла: там ужо ёсьць птушаняты.
– Дзяцел вельмі рэдка выкарыстоўвае дупло некалькі год запар, – расказвае Галіна Захарава. – Калі ля ўваходу няма сьвежых сьлядоў ад дзюбы гэтай птушкі, значыць малых дзятлікаў у дупле таксама няма. Затое там могуць гадаваць птушанят, напрыклад, вераб’і.
А для таго, каб пабачыць маленькіх птушак, што хаваюцца ў лісьцях дрэваў, Галіна Анатольеўна карыстаецца простым, але вельмі дзейсным прыёмам. На яе дыктафоне запісаныя іх галасы. Калі ўключыць птушыны сьпеў недалёка ад таго месца, дзе можа знаходзіцца сьпявак, той, як правіла, выходзіць. Паглядзець, хто з родзічаў завітаў на ягоную тэрыторыю.
– Чуеце, гэта берасьцянка, – спыняе экскурсію Галіна Захарава. – Дарэчы, беларускія назвы нашых птушак часта куды больш гаваркія, чым рускія.
Сапраўды, чаму птушку назвалі «зяблик» зразумець няпроста. А вось чаму берасьцянкай – відавочна. Яна будуе гняздо зь бяросты. Тое ж і з галкай, якая па-беларуску завецца каўка, бо «каўкае».
Арганічна дапаўняе назіраньне за птушкамі краязнаўчая інфармацыя.
– Вось на тых кладах, – паказвае Міхаіл Дук, – ёсьць рэканструкцыя пахавальных звычаяў нашых продкаў.
Сапраўды, перад возерам Шэвіна ёсьць невялікі курган. А на саміх могілках усталяваныя крыжы XVI стагодзьдзя. Некалі ў ваколіцах іх адшукалі віцебскія мастакі, а мясцовыя пэнсіянэры абсталявалі куток, які стаў незвычайным экспанатам.
Ля возера Лётцы гісторык Міхаіл Дук цярпліва чакае, пакуль падцягнуцца ўсе: тут знаходзіцца самая значная памятка аб знакамітым навукоўцы. На правым беразе вялікага ледніковага вадаёму месьціўся той самы батанічны сад. Тут расло каля паўтысячы відаў расьлін, нетыповых для Віцебшчыны. Сыстэма тэрасаў і аранжарэяў стваралі ім спрыяльныя ўмовы. А абслугоўвалі гэтае хараство толькі тры чалавекі: Адамаў і два ягоныя памочнікі.
Пасьля рэвалюцыі некаторыя расьліны з унікальнай калекцыі перасялілі ў Віцебскі батанічны сад. А сьведчаньнем пра дзейнасьць батаніка засталіся серабрыстыя таполі ды вялікі трохсотгадовы дуб, побач зь якім вырасьлі ягоны «сын» і «ўнук» – сярэдняе і малое дрэўцы.
Да сядзібы вядзе брукаванка. Дарога была ўкладзеная камянямі яшчэ ў XVIII стагодзьдзі. Пры ёй стаяла тры карчмы і капліца сьвятога Міхала. Будынкаў ужо няма – людзі разабралі на будаўнічыя матэрыялы. А вось дарога засталася, бо пралягала ля могілак, а з такой дарогі нічога браць нельга.
Сядзіба Адамава глядзіць пустымі вачніцамі вокнаў на ўтравелую сажалку. Калісьці вадаёмаў быў цэлы каскад, ажно шэсьць. І будынак быў іншым – меў гаўбец. Праз тое, што сядзіба перабудаваная, статус культурнай каштоўнасьці так ёй і не дастаўся. А пра знакамітага чалавека нагадвае шыльда. Ці зьменіцца нешта ў яе лёсе з прыходам новага гаспадара – сказаць цяжка і гадаць ня хочацца.
Майстар-клясы, дранікі і шмат музыкі
Стомленых гасьцей фэсту ўжо чакалі на падворку Вялікалятчанскага дзіцячага дому. Алена Пятрова тут стварала свае цуды з саломы і лазы, Аляксей Глот цярпліва вучыў ткацтву непаседлівых выхаванцаў. Дзеткі з Кіраўскай школы прапаноўвалі гасьцям самаробныя шпакоўні, а добрая гаспадыня ў нацыянальным касьцюме частавала дранікамі і блінамі.
Сьпеўным сходам ад «Мовы нанова» кіраваў Сяржук Маркаў. Нечакана для ўсіх, імправізацыйны хор стаў выводзіць стройныя мэлёдыі. У гэтым і ёсьць сэнс такіх мерапрыемстваў: тут сьпявае нават той, хто не падазраваў, што можа гэта рабіць.
Заключным мерапрыемствам фэсту быў канцэрт гурту «Re1ikt».
Даведка
Уладзімер Адамаў нарадзіўся ў 1875 годзе ў сям’і юрыста. Рана страціў бацьку, а жыць у новай сям’і, якую стварыла маці, не захацеў. Пасьля заканчэньня унівэрсытэту ў Санкт-Пецярбургу атрымаў маёнтак у Лётцах, дзе і заснаваў батанічны сад.
У час Першай сусьветнай вайны быў на фронце. Вярнуўшыся, працягнуў працу. Баючыся перасьледу праз дваранскае паходжаньне, зьехаў у Менск, дзе вывучаў Камароўскія балоты. У 1935 годзе здароўе батаніка пагоршылася, ён пераехаў у Крым. Там працаваў у Нікіцкім батанічным садзе імя Молатава. Праз сваё паходжаньне страціў працу і, ня маючы сродкаў да існаваньня, захварэў. Памёр Уладзімер Адамаў у 1939 годзе.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2315-tretsi-adamauski-fest-sabrau-melamanau-bjordvocherau-amatarau-dauniny#sigProIdfd989a8ea4
Барбара Церашкова, news.vitebsk.cc