Сьвяточную імпрэзу ў якасьці аднаго з арганізатараў адкрыў кіраўнік Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юры Бабіч. Ён падкрэсьліў, што імя Быкава яднае беларусаў розных пакаленьняў і будзе яднаць яшчэ доўгі час. Як асоба пісьменьніка, так і напісаныя ім творы – гэта глыбокі пласт маральнасьці.
Ёсіф Навумчык, былы кіраўнік абласной арганізацыі ТБМ, адзначыў, што яшчэ пры жыцьці Васіля Быкава называлі апосталам беларускай нацыі і беларускай духоўнасьці. Ушаччына дала Беларусі шмат пісьменьнікаў і паэтаў, таму і ўлада, і грамадзкасьць мусяць рабіць усё магчымае, каб памяць пра Быкава, Барадуліна і іншых творцаў, захоўвалася ў назвах бібліятэк, школ, вуліц. Расказаў ён прысутным і пра свае сустрэчы з Быкавым ў Празе, адзначаўшы, што гэта быў спакойны, ураўнаважаны, сьціплы, інтэлігентны, але вельмі таленавіты чалавек, які апавёў нявыдуманую праўду пра вайну. У сваіх творах Быкаў паказаў, што вайна – гэта зло для кожнага народу.
Выкладчык і паэт Уладзімер Папковіч зазначыў, што ў асобе пісьменьніка яго найперш кранае, што гэта быў чалавек, які ніколі ня здраджваў свайму сумленьню і праўдзе. А ў якасьці прыкладу прывёў выпадак з Васілём Сёмухам, выключэньне якога з Саюзу пісьменьнікаў (яшчэ за савецкімі часамі) не падтрымаў толькі адзін Васіль Быкаў.
Арыгінальнай разынкай імпрэзы стаўся літаратурны конкурс, прысьвечаны жыцьцю і творчасьці пісьменьніка, за які ў выпадку дакладнага адказу можна было атрымаць салодкую цукерку.
Далей барды Георгі Станкевіч зь Бешанковічаў, Леанід Лаўрыновіч з Браславу ды гурт з Наваполацку Sumarok выканалі свае песьні.
У другой частцы імпрэзы ў якасьці вядоўцаў выступілі паэт і бард Віктар Шалкевіч ды Аляксандар Мілінкевіч. Віктар Шалкевіч абнадзеіў публіку, што часы пераменяцца, і калі-небудзь прэмію імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» будуць уручаць у Палацы Рэспублікі ды перадаў слова Аляксандру Мілінкевічу. Колішні кіраўнік руху «За свабоду» нагадаў, што прэмія ўручаецца ў дзясяты раз. Ён заклікаў уганараваць хвілінай маўчаньня ляўрэатаў прэміі, якія адышлі ў вечнасьць: Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Алеся Белакоза ды сястру Быкава нябожчыцу Валянціну, якая раней кожнага разу была тут.
Але назваў імя сёлетняга ляўрэата не Мілінкевіч. Яго абвясьціла грамадзкая актывістка з Шаркоўшчыны Ада Эльеўна Райчонак. Прадстаўляючы пераможцу і захоўваючы інтрыгу, яна пакрысе дадавала да яшчэ невядомага імя пэўныя эпітэты, аж пакуль пасьля словаў «ён арганізаваў абарону Курапатаў» ня стала зразумела, што гэта – Зьміцер Дашкевіч. «Гэта герой нашага часу! Мы яго ўсе вельмі любім! Гэта Зьміцер Дашкевіч! Вітайма яго!» – эмацыйна завяршыла Ада Райчонак.
Сёлетняга ляўрэата абралі ўладальнікі прэміі, уганараваныя раней. Ва ўмовах сацыяльнай і палітычнай апатыі менавіта такія людзі, як ляўрэаты прэміі, праз сваю актыўную грамадзянскую пазыцыю даюць усім беларусам шанец на будучыню, прапагандуючы свабоду і праўду як найважнейшыя складнікі жыцьця.
Дашкевіч у сваім выступе падзякаваў усім за гонар быць юбілейным ляўрэатам. Як вернік, ён ня мог не адзначыць, што вытрымаў свае турэмныя калідоры толькі дзякуючы веры і Божай падтрымцы. «Можна верыць у Бога, можна ня верыць, але духоўныя законы дзейнічаць», – падкрэсьліў ён.
Былі на імпрэзе і іншыя выступоўцы, і іншыя сьпевы, і іншыя словы. І быў там той вольны беларускі дух, які можна адчуць толькі ў сакральным нацыянальным асяродку. У такім, як у Бычках.
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/2334-na-radzime-vasilya-bykava-nazvali-chargovaga-lyaureata-premii-za-svabodu-dumki#sigProId5fb254916d
С. Горкі