Вельмі шмат у кнізе фотаздымкаў, якія перадаюць атмасфэру зьменаў у грамадзтве на зломе 1980-90-х гадоў, а таксама палітычныя і культурніцкія падзеі таго часу.
Віктар Андрэеў распавёў, як прыйшла ідэя напісаньня дакумэнтальнай кнігі пра Воршу:
– Я ведаў шмат людзей, якія ў сваім жыцьці шмат зрабілі для Воршы. І шмат хто пра гэта ня ведае альбо забыў. Ідэя была ў тым, каб сабраць у кнізе падзеі ды людзей, якія выяўлялі грамадзянскую актыўнасьць і ўплывалі на жыцьцё ў горадзе Ворша.
Напрыклад, Алесь Сярожкін – дзякуючы яму ў Воршы захаваўся касьцёл і будынак Куцеінскага манастыра. Мне не хацелася б, каб гэтая інфармацыя была страчаная. У гісторыі застаюцца “генэралы” – людзі, якія займалі высокія пасады. А мне хацелася запісаць гісторыі людзей, якія ў невялікім горадзе рабілі вялікія справы.
Я імкнуўся перадаць у кнізе атмасфэру часу, калі адны людзі змагаліся за выжываньне, а іншыя за тое, каб зьмянілася сацыяльна-палітычная сытуацыя ў горадзе. Такія людзі, як Алена (Тананана) Сьцяпанава і Віктар Сьцяпанаў, якія запрашалі людзей на першыя ў горадзе курсы беларускай мовы. Яны запрашалі людзей на першую сустрэчу насельніцтва зь Беларускім Народным Фронтам на сэлікатным заводзе.
Тады маглі гэта рабіць – і рабілі. Збор матэрыялу заняў каля году. Калі перакрочваеш лічбу ў 60 гадоў, прыходзіць думка, што ў кожны момант можна не пасьпець. Такіх кніг павінна быць напісана шмат, такія кнігі павінны зьяўляцца ў кожным горадзе.
Пасьля дыскусіі старшыня ТБМ у Воршы Юры Нагорны сказаў: “Шчыра віншую Віктара Андрэева, што зьявілася такая цудоўная рэч. Мінае час, сьціраецца з памяці тое, што зрабілі не “генэралы”, а простыя людзі. Кожны з нас можа напісаць такую кнігу, на прыклад Віктара адклаўшы на час побытавыя справы, гароды. Я таксама пачаў пісаць кнігу: “Людзі, зь якімі мне пашчасьціла сустракацца”. Гісторыя не павінна паміраць, нават калі паміраюць людзі”.
Дакумэнтальную кнігу Віктар Андрэеў выдаў за свой кошт невялікім накладам. Электронная вэрсія неўзабаве зьявіцца ў сеціве.
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/2373-arshanskaya-khronika-1986-2001-gistoryi-lyudzej-yakiya-rabili-vyalikiya-spravy#sigProIdd116802911