Аўторак, 26 Верасень 2017

Старшыня абласной філіі ТБМ: Ёсьць надзея, што ў 2018 годзе ў Віцебску зьявяцца беларускамоўныя клясы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны

29 кастрычніка мае адбыцца XIII зьезд Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. За месяц да падзеі мы пагутарылі са старшынём Віцебскай абласной філіі ТБМ Юрасём Бабічам. Наш суразмоўца расказаў пра тое, ці ёсьць якія зрухі ў справе перайменаваньня абласной бібліятэкі і ці адкрыюцца калі ў Віцебску беларускамоўныя клясы.

У адрозьненьні ад іншых буйных гарадоў (Менск, Гародня, Магілёў, Жодзіна, Барысаў ды інш.) у Віцебску на пачатак навучальнага году не было аніводнай беларускамоўнай клясы. На думку старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юрася Бабіча, віцяблянам, якія жадаюць, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску, крыху бракуе самаарганізацыі.

Але ўсё можа зьмяніцца налета. ТБМ гатовае адыграць ролю каардынацыйнага цэнтру для бацькоў будучых першаклясьнікаў.

ТБМ бацькам: “Абяцаем усялякую падтрымку і дапамогу”

“Я дакладна ведаю, што ў нас ёсьць бацькі, ахвотныя аддаць сваіх дзяцей у беларускамоўныя клясы і беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках. Іншая справа, што многія папросту ня ведаюць, што рабіць і куды зьвяртацца. Дык вось, Віцебская абласная філія ТБМ можа выступіць своеасаблівым каардынатарам у гэтым пытаньні. З нашага боку абяцаем усялякую падтрымку і дапамогу. Зможам цэнтралізаваць інфармацыю і данесьці да ўладаў”, - кажа Юрась Бабіч.

Што да магчымасьці стварэньня беларускамоўных клясаў у наступным годзе, Юрась Бабіч запэўніў, што яшчэ сёлета знойдзена паразуменьне з начальнікам упраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму.

“Яшчэ ў красавіку менавіта па гэтай праблеме мы разам з ганаровым старшынём Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Ёсіфам Навумчыкам сустракаліся з кіраўніком абласнога ўпраўленьня адукацыі Дзьмітрыем Хамой. Абмяркоўвалі стан беларускамоўнай адукацыі на Віцебшчыне. У прыватнасьці, выйшлі з прапановай стварэньня ў буйных гарадах – у Віцебску, Полацку, Воршы, Глыбокім – беларускамоўных гімназіяў. З боку начальніка ўпраўленьня адукацыі знайшлі пэўнае паразуменьне. І ёсьць надзея, што ў 2018-м годзе прынамсі беларускамоўныя клясы ў горадзе зьявяцца. Будзем спадзявацца, што і ў іншых месцах таксама”, - паведаміў старшыня абласной філіі ТБМ.

Наконт беларускамоўных групаў у ВНУ: “Гэта праблема вырашальная”

Праекты пастановаў ТБМ, якія будуць разгледжаныя на зьезьдзе, прадугледжваюць таксама адкрыцьцё беларускамоўных групаў і плыняў у беларускіх унівэрсытэтах. Наколькі гэта будзе рэальна зрабіць, напрыклад, у ВДУ імя Машэрава, дзе на сёньня нават лекцыі па гісторыі Беларусі чытаюць па-расейску?

“Выкажу асабістае меркаваньне. Безумоўна, студэнтаў, ахвотных вучыцца па-беларуску, досыць шмат. Можа падацца, што іх мала і што, у прынцыпе, ніхто ня хоча. Але я штогод працую на розных факультэтах зь першымі курсамі і бачу ўчорашніх вучняў беларускамоўных школаў, якім бывае цяжка перайсьці на расейскамоўную тэрміналёгію. У той жа час выпускнікі расейскамоўных гарадзкіх школаў літаральна цягам некалькіх месяцаў даволі лёгка пераходзяць на беларускую мову – вялікіх праблемаў з гэтым не ўзьнікае.

Таму мне здаецца, гэтае пытаньне вырашальнае. Галоўнае, каб была воля. І найперш – воля кіроўных органаў”, - мяркуе Юрась Бабіч.

“Але думаю, што няма сэнсу неяк падштурхоўваць студэнтаў да гэтага, бо кожны мусіць прыйсьці сам да разуменьня неабходнасьці вучыцца на беларускай мове. Зразумець, што, па-першае, вучыцца па-беларуску яму будзе прасьцей, і, па-другое, што гэта ягоная родная мова і ён мусіць вучыцца па-беларуску”, - дадае.

Бібліятэка імя Быкава? “На жаль, зрухаў пакуль няма…”

Юрась Бабіч паведаміў таксама, што ініцыятыва ТБМ у справе перайменаваньня віцебскай “ленінкі” ў абласную бібліятэку імя Васіля Быкава пакуль што ня мае станоўчых вынікаў. Апошні ліст з прапановай аб перайменаваньні быў адпраўлены ў Віцебскі аблвыканкам яшчэ на пачатку 2017 году.

“На наш погляд, зрабіць гэта было б цалкам лягічна, бо сёлета існуе вялікая нагода для ўсёй беларускай культуры – 500-годзьдзе першай друкаванай кнігі. Але ў адказе, які мы атрымалі з аблвыканкаму, сказана, што “гэтае пытаньне патрабуе ўсебаковага абмеркаваньня”. Маўляў, ёсьць розныя пункты гледжаньня і ёсьць людзі старэйшага ўзросту, якія прызвычаіліся да таго, што бібліятэка доўгі час носіць імя Леніна… Пакуль да агульнага меркаваньня на гэты конт прыйсьці не атрымалася. І, па сутнасьці, зрухаў, якія б можна было назваць канкрэтнымі, на жаль, у гэтай справе няма”, - падсумоўвае наш суразмоўца.

“Ці будзем працягваць барацьбу за наданьне бібліятэцы імя Быкава? Безумоўна! І гэта не падлягае ніякаму сумненьню”, - запэўніў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.

Распавёў таксама, што працягваецца ліставаньне з уладамі і ў справе ўшанаваньня нашых славутых землякоў Генадзя Бураўкіна і Рыгора Барадуліна.

“Было абяцана, што ў Вушачах, на радзіме Рыгора Барадуліна, будзе зробленая адпаведная праца, і ягонае імя будзе нададзенае адной з установаў, напрыклад школе. Трэба нешта рабіць і ў Расонах, на радзіме Генадзя Бураўкіна, каб людзі ведалі пра славутага земляка. З нашага боку гэтае пытаньне ўвесь час актуалізуецца, але справа, па вялікім рахунку, ня рухаецца. Маўляў, гэта будзе рабіцца, але калі канкрэтна гэта будзе рабіцца – ніхто не гаворыць”, – патлумачыў Юрась Бабіч.

Зьміцер Міраш