На сустрэчу сабралася каля трох дзясяткаў мясцовых жыхароў, якія запоўнілі ўсё памяшканьне невялікай кавярні ў старой частцы гораду Полацку.
Свой выступ Вінцук Вячорка пачаў з ацэнкі апошняга кліпа расейскага сьпевака Шнура, прысьвечанага 8 сакавіка, дзе ўжываецца беларуская мова. Вінцук мяркуе, што гэты кліп – прыклад абразы ў адрас беларускай мовы і ўсіх беларускамоўных людзей. Бо акрамя пахабшчыны ў адносінах да жанчын беларуская мова выканаўцаў перакладаецца ў тытрах на расейскую, але моўнымі сродкамі іншага паэтычнага стылю.
Далей у сваёй лекцыі Вінцук Вячорка распавёў пра моўна-адукацыйныя дасягненьні Беларускай Народнай Рэспублікі.
Калі сьвяткаваць Дзень дзяржаўнасьці нашай мовы, то трэба адзначыць дату 3 красавіка 1918 году, калі кіраўнікі БНР прынялі пастанову пра адзіную дзяржаўную мову – беларускую, – сказаў Вінцук Вячорка.
Таксама было расказана пра дзеяча БНР Браніслава Тарашкевіча, які стварыў правапіс беларускай мовы. Яму ў 1918 годзе было ўсяго 25 гадоў. Фактычна тарашкевіца (як называюць гэта правапіс) зьяўляецца равесьніцай Беларускай Народнай Рэспублікі. Шмат было расказана пра адметнасьці беларускай мовы.
Пасьля лекцыі, якая доўжылася больш за дзьве гадзіны, усім удзельнікам была падораная кніга Вінцука Вячоркі «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі». Пасьля лекцыі Вінцук яшчэ доўга падпісваў свае кнігі ўсім ахвотным і адказваў на пытаньні.
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/2709-vintsuk-vyachorka-sustreusya-z-zhykharami-polatsku#sigProIdf64baa2351
Аляксандар Марозаў