Серада, 24 Ліпень 2019

У Смалянах руйнуюць будынак былога аграрнага каледжу

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Будынак каледжу ў Смалянах 24 ліпеня. Фота: orsha.eu Будынак каледжу ў Смалянах 24 ліпеня. Фота: orsha.eu

У Смалянах разбураюць стары будынак мясцовага каледжу, паведамляе orsha.eu. Вёска Смаляны знаходзіцца ў Аршанскім раёне, яна славутая старажытнымі помнікамі архітэктуры. Дакладней – іх руінамі.

“На аднаўленьне архітэктурных каштоўнасьцяў грошай бракуе, затое на зьнішчэньне, відаць, стае”, – піша аўтар публікацыі.  

24 ліпеня пачалі руйнаваць былы корпус мясцовага сельскагаспадарчага каледжу. Будынак быў узьведзены яшчэ да Першай сусьветнай вайны (сядзіба Цітовых), але потым быў разбураны, застаўся толькі падмурак. Пасьля Другой сусьветнай пабудову аднавілі на колішнім фундамэнце і, наколькі магчыма, у першапачатковым выглядзе.

Тое, што будынак дагэтуль меў аўтэнтычныя элемэнты і прывабліваў турыстаў, аказалася недастаткова, каб занесьці каледж у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Цяпер будынак можа цалкам зьнікнуць. Па стане на 13.00 у ім ужо разабралі заднюю сьцяну, падаставалі амаль усе вокны.

У будынку яшчэ колькі год таму праходзілі заняткі, знаходзіўся мясцовы музэй, але ў апошнія гады пабудова не выкарыстоўвалася навучальнай установай, якой належыць (Аршанскі дзяржаўны аграрны каледж).

Так выглядаў будынак раней. Фота: elgatomarinero7.livejournal.com

Смаляны найперш вядомыя руінамі замку “Белы ковель” і кляштару дамініканцаў.