Чацвер, 15 Красавік 2021

«Я б не хацеў жыць на вуліцы газеты «Віцьбічы». Улады прапанавалі назвы вуліц у Чаромушках

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Месца, дзе будуць Чаромушкі. Фота: vitebsk.biz Месца, дзе будуць Чаромушкі. Фота: vitebsk.biz

Віцебскі гарвыканкам абвясціў грамадскае абмеркаванне ў пытанні назваў трох вуліц у новым мікрараёне «Чаромушкі», які павінен паўстаць на Маскоўскім праспекце. Прапанаваныя варыянты назваў: Газеты Віцьбічы, імя Рыгора Багамазава (камандзір авіяпалка, дыслакаванага ў Віцебску) і Валянціна Міхельсона (першы сакратар Віцебскага гаркаму кампартыі). Абмеркаванні пройдуць ад 19 красавіка да 13 траўня.

Новы мікрараён Чаромушкі мае размясціцца ў Віцебску ўздоўж Маскоўскага праспекта на выездзе з гораду насупраць мікрараёну Білева на месцы ранейшага прыватнага сектару. Запланаванае будаўніцтва шматпавярховых жылых дамоў і сацыяльных аб'ектаў – школ, двух садкоў і нават лазні. Засталося выбраць назвы вуліц.

Ці падыходзяць прапанаваныя ўладамі назвы?

На думку кіраўніка абласной філіі БНФ Кастуся Смолікава, чыноўнікі не дужа задумваюцца над варыянтамі і прапануюць тое, што ім бліжэй па духу.

«Прапанаваныя назвы адпавядаюць сённяшняму грамадска-палітычнаму настрою і стану фантазіі спецыялістаў гарвыканкаму», – кажа палітык.

На ягоную думку, трэба, каб людзі самі прапаноўвалі розныя варыянты, а ўжо потым са спісу выбіралі найбольш прыдатную і ўпадабаную назву. Было б таксама няблага прыцягнуць тапаграфічную камісію, выслухаць найперш меркаванні адмыслоўцаў, а не слухаць чыноўнікаў.

«А назваць вуліцу імем газеты «Віцьбічы», ну гэта ўвогуле смешна, таму што павагі ў народзе да гэтай газеты, мне здаецца, ужо аніякай. На яе падпісваюцца па разнарадцы, па загадзе зверху», – пракаментаваў Смолікаў адзін з прапанаваных варыянтаў.

Прызнаўся, што не хацеў бы жыць на вуліцы з такой назвай.

«Гэта абмяркоўваць нават не хочацца. Шкада мне тых людзей, якія будуць жыць на гэтак названых вуліцах», – падсумаваў Кастусь Смолікаў.

Праект новага мікрараёну

Сваё меркаванне аб прапанаваных варыянтах можна выказаць ад 19 красавіка да 13 траўня ў аддзеле архітэктуры і горадабудаўніцтва Віцебскага гарвыканкаму (вул. Шубіна, 5). Сваё меркаванне можна таксама накіраваць электронным лістом на адрас Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..

Уладзімір Бяляўскі