У Віцебску даўно няма хасідскай грамады, рэшткі помніка даўніны не мелі гаспадара: дайшло да таго, што абласныя ўлады прапанавалі ахвотным набыць гэты аб’ект за адну базавую велічыню. Яго выставілі на продаж, хоць музей Марка Шагала рабіў спробы вярнуць будынак у культурніцкую прастору гораду – тут праводзіліся прыборкі тэрыторыі, ладзіліся канцэрты і прэзентаваліся арт-аб’екты.
Па словах Ірыны Воранавай, інфармацыя пра тое, што будынак сінагогі прадаецца, паспрыяла з’яўленню спонсараў.
«Усе сталі казаць: «А што? А як яго будуць прадаваць?» Рэзананс пайшоў больш шырока. І цікаўнасць да гэтага аб’екта выказала хасідская грамада з Расеі. Ужо ёсць спонсары, ёсць перадпраектная дакументацыя. І на гэты аб’ект, як на спадчыну, заявіла свае правы наша віцебская габрэйская грамада», – паведаміла дырэктарка музею Марка Шагала.
Спонсары прапануюць сродкі на аднаўленне будынку як культавага аб’екта. Зараз адбываюцца бюракратычныя працэдуры па перадачы занядбанага будынку Вялікай Любавіцкай сінагогі віцебскай габрэйскай грамадзе. А музей Марка Шагала зноўку запрашае валанцёраў на прыборку тэрыторыі.
«Мы хочам сабраць гістарычную цэглу, якая засталася тут, і захаваць яе. Так часам робіцца: гістарычная цэгла ўжываецца на рэканструкцыях. І таксама плануем канчаткова вычысціць гэтую тэрыторыю, каб яе можна было аглядаць, пакуль не пачнуцца працы на будынку», – расказала пра найбліжэйшыя задачы ў падрыхтоўцы будынку да рэстаўрацыі грамадская актывістка Яўгенія Юнашава.
Прыборка вакол Вялікай Любавіцкай сінагогі распачалася ў суботу 28 траўня і працягнецца да панядзелка. Да яе далучыліся і прадстаўнікі габрэйскай грамады, і віцебскія грамадскія актывісты.