Ня стану дакопвацца да сапраўдных матываў, што змушаюць людзей на Сёмуху наведваць могілкі сваіх памерлых сваякоў, але, як мне падаецца, ёсьць у гэтай традыцыі ня столькі рэлігійны пачатак, колькі адгалосак сацыяльнай трагедыі.
Так сталася, што вольнае сьвяткаваньне Тройцы за Саветамі супала з працэсам перасяленьня вяскоўцаў з малых вёсак у цэнтры саўгасаў і калгасаў. Гэтак званае ўзбуйненьне рэзала па жывому: па загадзе партыі людзей зрывалі з наседжаных месцаў, змушалі пераяжджаць ў вялікія вёскі і гарады. Гэты вар'яцкі працэс канчаткова дабіў традыцыйную беларускую вёску і зьнішчыў тыя асновы, што спрыялі выхаваньню сапраўднага селяніна-гаспадара. Пераселеныя ў шматкватэрныя дамы вяскоўцы згубілі закладзеныя зь дзяцінства арыенціры і каштоўнасьці, алькагалізацыя насельніцтва сталася працягам усяе гэтае трагедыі. Да таго на могілках амаль не ўжывалі сьпіртное. Пасьля гэтага алькаголь на Сёмуху стаў звычайнай справай, амаль традыцыяй.
Таму цяпер Тройца – гэта Дзень адчыненых дзьвярэй у мінулае, якая ніколі ня вернецца, але якое баліць, пячэ, прыгадваецца. Наведваючы ў гэты дзень могілкі сваіх бацькоў, людзі нібыта вяртаюцца ў сваю маладосьць, калі тысячы беларускіх вёсачак жылі сваім непаўторным паўнавартасным жыцьцём са сваёй гісторыяй і мітамі, якім наканавана было зьнікнуць. У сёньняшняй хутказьменлівай, мітусьлівай, часам незразумелай рэчаіснасьці людзям папросту не хапае тых простых ісьцін зь мінуўшчыны, якія, да жалю, сталі непатрэбнымі ў сёньняшніх абставінах.
Мо з тае прычыны пасьля выпітай у памяць памерлых сваякоў чаркі столькі словаў і ўспамінаў пра тую мінуўшчыну, калі вяскоўцаў яднала агульнае абшчыннае жыцьцё, калі толькі праз адзін статак кароў можна было зразумець, што вёска жыве і людзі дбаюць пра сваю будучыню. Але ніхто зь іх і прадбачыць ня мог, што празь якіясьці трыццаць-сорак гадоў яднаць іх усіх у адно цэлае будуць толькі гэтыя вясковыя могілкі і ўспаміны пра мінуўшчыну.
Крыніца: Дыялёг Online газэта
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/485-trojtsa-dzen-adchynenykh-dzvyarej-u-minuushchynu#sigProIde9f133557a