Панядзелак, 20 Красавік 2015

Будучыня вуліцы Рыгора Барадуліна ў Віцебску цалкам залежыць ад актыўнасьці прыватных забудоўшчыкаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Не зважаючы на тое, што чатыры чалавекі ўжо пажадалі збудаваць свае дамы на вуліцы імя Рыгора Барадуліна, пакуль вам, бадай, не пашчасьціць адшукаць хоць нейкія яе прыкметы, бо існуе яна толькі на паперы. Да таго ж ніводзін з апытаных мясцовых жыхароў так і ня здолеў больш-менш дакладна акрэсьліць межы будучай прыватнай катэджнай забудовы Арэхава, дзе яна і мусіць матэрыялізавацца.

 

25 сакавіка Віцебскі гарвыканкам зацьвердзіў сьпіс назваў новых вуліц абласнога цэнтру, сярод якіх нарэшце зьявілася і імя народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Вуліца паўстане ў раёне былой вёскі Арэхава, якая некалькі гадоў таму сталася вуліцай на далёкім віцебскім ускрайку. У былой вёсцы жыве каля двухсот чалавек, але крамы няма, і жыхарам даводзіцца карыстацца паслугамі аўтакрамы, якая прыяжджае двойчы на тыдзень. Закінутыя вясковыя хаты параскуплялі, і сям-там набытыя пляцоўкі ўжо забудавалі дамамі і катэджамі ў архітэктурным духу сёньняшняга часу.

Дамы былой вёскі месьцяцца па самым грэбені маляўнічых пагоркаў, між якімі, нібы рэчка, віецца вуліца, адзін край якой утыкаецца ў даўно не фарбаваную браму батанічнага заказьніку «Чортава барада», а другі скіраваны ў бок вёскі Грышаны і вуліцы Світанкавай. Грунтовая дарога даўно не рамантавалася і ўяўляе сабой бясконцае спалучэньне выбоінаў розных памераў і формаў, таму асабліва не разгонісься. Затое пабачаныя з пагоркаў краявіды прыемна цешаць вока сваёй разнастайнасьцю. Асабліва ўражвае від, што адкрываецца з мысу Чортава барада, дзе ў старажытныя часы, відаць, месьцілася паганскае капішча.

Месца і цяпер застаецца прыцягальным для людзей. Мяркуючы па ўсім, наведнікі рэгулярна распальваюць там вогнішчы. Кажуць, некалі мясцовыя разбойнікі з мысу сачылі за чаўнамі гандляроў, што плылі з варагаў у грэкі ці наадварот. Але цяпер гэтым хараством, бадай, не завабіш надта шмат ахвочых, бо чалавек найперш выбірае даброты цывілізацыі, а не прывабы прыроды. Таму будучыня вуліцы будзе цалкам залежыць ад актыўнасьці прыватных забудоўшчыкаў, якія пагодзяцца на пэўныя нязручнасьці.

Але ж ня трэба асабліва цешыцца і ўважаць зьяўленьне вуліцы імя Барадуліна за справядлівае ўшанаваньне памяці непаўторнага нацыянальнага паэта. Што тычыцца мяне, то гэты крок невядомых гарадзкіх чыноўнікаў я ўспрымаю як дробны зьдзек з памяці выбітнай асобы і як аплявуху прадстаўнікам нацыянальнай грамадзянскай супольнасьці. Маўляў, хацелі вуліцу – наце вам, калі ласка. Ня думаю, што намер разьмясьціць яе сярод чыстага поля ў раёне яшчэ толькі заплянаванай прыватнай забудовы пры адсутнасьці  цывілізаванай інфраструктуры – гэта чыясьці недасьведчанасьць ці недальнабачнасьць. Знайшлося ж месца ў цэнтры гораду для меркаванага помніку чужому для беларускага чалавека Аляксандру Неўскаму. Таму гэткае грэблівае стаўленьне да нацыянальных геніяў асабіста я ўспрымаю, як чарговы абразьлівы жэст з боку апалягетаў «рускага сьвету», прадстаўнікамі якога выступаюць мясцовыя здэнацыяналізаваныя за Саветамі манкурты.

С. Горкі

Крыніца: Дыялёг Online газэта