У адзінай залі паседжаньняў Глыбоцкага суду ў зялезнай клетцы зьмешчаныя трое падсудных, якія абвінавачваюцца ў стварэньні злачыннай групоўкі па арганізацыі незаконнай міграцыі. У судзе знаходзяцца двое абвінавачаных грамадзян Беларусі і адзін грамадзянін Вялікай Брытаніі.
Уцекачы празь Беларусь
Але галоўнымі героямі паседжаньня суду ў гэты дзень сталі не абвінавачаныя, а сьведкі, паказаньні якіх зачытваў пракурор. Гэта грамадзяне Іраку, якіх на радзіме перасьледавалі паводле рэлігійнай прыкметы бандыцкія фармаваньні, што, як яны растлумачылі, пагражала іх жыцьцю.
Грамадзяне Іраку – гэта шэсьць чалавек: муж і жонка, іх дачка зь яе мужам, і жанчына інвалід-вазочнік зь дзіцем-падлеткам. Ратуючы свае жыцьці, яны вырашылі міграваць зь Іраку ў якую-небудзь эўрапейскую краіну. Праз Турэччыну яны патрапілі ў Беларусь і спрабавалі далей выехаць у краіны Эўразьвязу. У Беларусі яны знаходзіліся легальна, набыўшы візы наўпрост у аэрапорце па сто даляраў за кожную візу.
Гэтым грамадзянам Іраку, якія ратавалі свае жыцьці, і дапамагалі абвінавачаныя сьледзтвам і пракурорам грамадзяне. Звычайнаму жыхару Беларусі цяжка зразумець, чаму нельга дапамагаць людзям, што мігруюць дзеля ратаваньня свайго жыцьця ў іншую краіну. Прычым грамадзяне Іраку заяўлялі, што меркавалі застацца ў Беларусі як мігранты, але пасьля нядоўгага знаходжаньня ў краіне зразумелі, што тут ім будзе цяжка весьці свой бізнэс, і вырашылі выехаць у Эўразьвяз.
Заля суду прасторная
Атмасфэра ў залі суду досыць добразычлівая. Пракурор павольна, кароткімі фразамі па 4-7 словаў, зачытвае паказаньні сьведак і пратаколы з матэрыялаў крымінальнай справы. Перакладчык перакладае гэтыя словы ангельцу Алану Сьміту. Часам Алан нешта перапытвае і атрымлівае адказ. Падсудныя пэрыядычна нешта тлумачаць, жартуюць, і судзьдзя Станіслаў Трапук з усьмешкай адказвае на іх рэплікі.
Заля паседжаньня суду вялікая: дзесяць на дваццаць мэтраў, з вышынёй столі ў чатыры мэтры, мае шэсьць вокнаў. У залі досыць сьветла. Маецца трыццаць пяць крэслаў для наведвальнікаў паседжаньня суду. У залі судзьдзя, сакратар, пракурор, трое падсудных у зялезнай клетцы, перад клеткаю сядзяць чатыры адвакаты. Падданы Вялікай Брытаніі Алан Сьміт мае двух адвакатаў. Яшчэ ў залі суду каля выхаду сядзяць двое міліцыянтаў, узброеныя гумовымі дручкамі. Іншых наведвальнікаў у залі суду практычна няма.
https://185.103.110.115/news/mihranty/item/2321-dapamoga-utsekacham-u-belarusi-zlachynstva#sigProIdd440ec2eba
Аляксандар Марозаў