Праект дапамогі вымушаным перасяленцам ажыцьцяўляецца пры падтрымцы Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа. На цяперашні 4-месячны этап рэалізацыі праекту, які распачаўся ў сакавіку, віцебскага аддзяленьне арганізацыі атрымала 48 тысяч рублёў.
Ваўчары выдаюцца ня ўсім, а толькі сем'ям, якія ў адпаведнасьці з распрацаванымі Чырвоным Крыжам крытэрыямі трапілі ў катэгорыю асабліва бяздольных. Атрымаць іх можна ў 6-ці гарадох вобласьці: Віцебску, Воршы, Полацку, Лепелі, Расонах і Докшыцах.
Ваўчары маюць намінал 100 рублёў, і выдаюцца яны ў выглядзе адмысловых папераў на 20 рублёў кожная, якімі можна разьлічыцца ў крамах сеткі «Белкаапсаюз». Вялікія сем'і могуць прэтэндаваць на некалькі ваўчараў адразу. Таксама, у залежнасьці ад сытуацыі, сям'я можа атрымаць ваўчар не аднойчы, а цягам некалькіх месяцаў.
Хоць цяперашні 4-месячны этап рэалізацыі праекту завяршаецца, у Віцебскай суполцы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа спадзяюся, што праект будзе працягнуты, і яны змогуць і далей дапамагаць грамадзянам Украіны, якія вымушаныя былі зьехаць з радзімы.
Кастусь Дзьвінскі