Серада, 18 Чэрвень 2014

У Віцебскай вобласьці павялічваецца колькасьць вымушаных мігрантаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Колькасьць замежнікаў, якія імкнуцца атрымаць у Віцебскай вобласьці статус уцекача, штогод павялічваецца. Пра гэта паведаміла на паседжаньні круглага стала па абмеркаваньні новага праекту Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) “Аднаўленьне сямейных сувязяў” галоўны спэцыяліст групы зьнешняй працоўнай міграцыі ўцекачоў ўпраўленьня па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкаму Вольга Лазарава.

“Беларусь пачала працаваць са змушанымі мігрантамі з 1995 году, калі быў прыняты першы закон пра ўцекачоў, які рэгулюе дзейнасьць у гэтым накірунку. Усяго за пэрыяд дзейнасьці заканадаўства на тэрыторыі Віцебскай вобласьці было разгледжана каля 380 хадайніцтваў наконт абароны. І калі на першым этапе, аж да 2004 году, такія звароты былі адзінкавымі, то з 2006 году колькасьць вымушаных мігрантаў, якія шукаюць прытулку ў Віцебскай вобласьці, пачынае расьці. Цягам трох апошніх гадоў назіраецца значнае іх павелічэньне: 2012 год - 36 зваротаў, 2013 - 58, на чэрвень бягучага году зарэгістравана 46 зваротаў”, - распавяла Вольга Лазарава.

Віцебская вобласьць была першапраходцам у працы са змушанымі мігрантамі ў частцы іх разьмяшчэньня і забесьпячэньня нармальных умоў жыцьця. У траўні 2002 году ў абласным цэнтры быў адкрыты пункт часовага разьмяшчэньня ўцекачоў. Доўгі час гэтая ўстанова зьяўлялася адзінай у Беларусі (цяпер такія пункты функцыянуюць у Гомелі і Берасьці). За 12 гадоў функцыянаваньня пункт прыняў у сваіх сьценах больш за 330 замежнікаў з 31 краіны сьвету (пераважна гэта Афганістан і Іран).

“Мэтады працы пункту пастаянна ўдасканальваюцца, распрацоўваюцца новыя формы па адаптацыі і наступнай інтэграцыі тых, хто пражывае, у беларускае грамадзтва. Так, калі першапачаткова ўрокі мовы ладзіліся непасрэдна ва ўстанове, то цяпер навучаньне праходзіць на базе дзяржунівэрсытэту Машэрава, дзе распрацаваны курс па навучаньні замежнікаў расейскай мове”, - падкрэсьліла Вольга Лазарава і дадала, што валоданьне мовай зьяўляецца галоўным крытэрам інтэграцыі ў грамадзтва.

Цяпер у рэгіёне на ўліку налічваецца 37 замежнікаў (у асноўным грамадзяне Афганістану і Грузіі), якім дадзены статус уцекача, і 12 грамадзян Сірыі, якія атрымалі дадатковую абарону. Замежнікі пераважна пражываюць у Віцебску, Наваполацку і Лёзна. “Дзесяць мігрантаў ўжо атрымалі грамадзянства Беларусі, што сьведчыць аб іх поўнай інтэграцыі ў наша грамадзтва”, - завяршыла галоўны спэцыяліст.

У працы круглага стала ўзялі ўдзел прадстаўнікі БТЧК, УУС Віцебскага аблвыканкаму, Полацкага памежнага атраду.

БелТА