Згаданае рашэньне гарадзкіх уладаў дзейнічае ўжо больш як шэсьць гадоў, і за ўвесь час нікому з апазыцыянэраў ні разу не ўдалося выканаць яго патрабаваньняў. Гарадзкія ўлады хочуць, каб арганізатары масавых мерапрыемстваў да сваіх заявак на іх правядзеньне далучалі дамовы на абслугоўваньне гэтых мерапрыемстваў са службамі аховы правапарадку, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і мэдыкамі. На практыцы такія дамовы заключыць немагчыма: зь пералічаных службаў толькі камунальнікі раз-пораз пагаджаюцца іх заключаць.
Празь пікет, які так і не адбыўся, актывісты КХП БНФ меркавалі выказаць «сваё адмоўнае стаўленьне да камуністычнай ідэалёгіі як асновы стварэння злачыннага камуністычнага рэжыму на тэрыторыі СССР, ахвярамі якога сталі мільёны нявінных людзей».