Усе пікеты – па адным у кожным з трох раёнаў Віцебску – мусілі прайсьці у нядзелю, 25 кастрычніка. Іх мэта: выказаць рашучы пратэст супраць разьмяшчэньня расейскіх ваенных баз на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, што можа прывесці да страты незалежнасці і сувэрэнітэту краіны, на ўзор анэксіі Расеяй часткі ўкраінскіх зямель ваенным шляхам.
Заяўнікі атрымалі ад намесьнікаў раённых адміністрацыяў Віцебску стандартныя тлумачэньні наконт прычыны забароны акцыяў: маўляў, да заявак на масавыя мерапрыемствы не былі далучаныя дамовы з камунальнікамі, мэдыкамі і міліцыянтамі, як таго патрабуе рашэньне віцебскага гарвыканкаму №881 ад 10 ліпеня 2009 году «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».
Чыноўнікі праігнаравалі прапанову заяўнікаў, каб прадстаўнікі раённых адміністрацыяў таксама ўзялі ўдзел у пікетах (калі масавыя мерапрыемствы праходзяць з удзелам улады, няма неабходнасьці заключаць згаданыя дамовы). Таксама была праігнараваная просьба актывістаў КХП-БНФ даць загад адпаведным службам заключыць патрэбныя дамовы, калі прадстаўнікі ўлады адмовяцца ўдзельнічаць у пікетаваньні.
Невыкананьне патрабаваньняў рашэньня №881 – фармальная нагода, на падставе якой мясцовыя ўлады Віцебску забараняюць мірныя акцыі апазыцыі ўжо шмат гадоў. Выканаць рашэньне № 881 немагчыма, бо пералічаныя ў ім службы, як правіла, адмаўляюцца заключаць неабходныя дамовы.