За апошнія шэсьць гадоў апазыцыянэры падалі ці ня сотню заявак на правядзеньне масавых мерапрыемстваў у Віцебску – і ніводная зь іх не была задаволеная. Забараняючы мерапрыемствы, чыноўнікі найчасьцей спасылаюцца на адсутнасьць у іх арганізатараў дамоваў з мэдыкамі, камунальнікамі і міліцыянтамі – такіх дамоваў вымагае рашэньне Віцебскага гарвыканкаму №881 ад 10 ліпеня 2009 году «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».
Выканаць патрабаваньне гарвыканкаму немагчыма, бо пералічаныя ў яго рашэньні службы адмаўляюцца заключаць дамовы.
Каб паспрабаваць прабіць брэш у забаронах мясцовых чыноўнікаў, партыйныя актывісты ў сваіх заяўках на пікеты таксама просяць старшыняў раённых адміністрацыяў даць загады адпаведным дзяржаўным службам заключыць патрэбныя дамовы і гарантуюць аплату іх паслугаў.
Калі цуд здарыцца, і ўлады дадуць дазвол на правядзеньне заяўленых пікетаў, то яны адбудуцца 30 жніўня, у дзень народзінаў кіраўніка краіны. Мэта меркаваных акцыяў: заклікаць жыхароў Віцебску не галасаваць на выбарах за грамадзяніна А. Лукашэнку.