У сваёй заяўцы спадар Уладзімер спаслаўся на артыкулы Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, а таксама на Канстытуцыю Беларусі, якія гарантуюць правы грамадзян на арганізацыю і правядзеньне мірных масавых мерапрыемстваў.
Актывіст даў гарантыі таго, што масавая акцыя будзе насіць мірны характар, і на ёй ня будзе плякатаў і транспарантаў, якія зьмяшчаюць заклікі да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу або прапагандуюць вайну, сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную ці расавую варожасьць, прыніжаюць гонар і годнасьць асобы.
Паводле пляну маршрут сьвяточнага шэсьця павінен праходзіць па пешаходнай вуліцы Суворава ад помніка князю Альгерду, што разьмешчаны на Ратушнай плошчы, да помніка пісьменьніку Ўладзімеру Караткевічу. Пасьля заканчэньня шэсьця мусіць адбыцца мітынг.
Гэткі маршрут быў абраны не выпадкова. Рэч у тым, што ўжо на працягу многіх гадоў мясцовая грамадзкасьць ходзіць 25 сакавіка на Дзень Волі менавіта такім шляхам. Такім чынам, гэта стала ўжо своеасаблівай традыцыяй.
Таксама цягам ужо многіх гадоў падаюцца падобныя заяўкі ў мясцовыя выканаўчыя органы з просьбай даць дазвол на правядзеньне сьвяточных імпрэзаў на Дзень Волі. І пакуль заўсёды адказ быў нязьменным: «Не!», што стала таксама традыцыяй. Паглядзім, ці зломіць сваю ганебную традыцыю мясцовая адміністрацыя гэтым разам. Чакаць засталося нядоўга.
Уладзімер Бяляўскі