Калі ўлады прымуць станоўчае рашэньне, то мітынг, прымеркаваны да 100-й гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі адбудзецца 25 сакавіка ў віцебскім Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Заяўленая колькасьць удзельнікаў – да 30 чалавек.
Нагадаем, што віцебскія ўлады атрымалі таксама заяўку на правядзеньне ў горадзе ў Дзень Волі сьвяточнага шэсьця. З просьбай аб правядзеньні шэсьця па вуліцы Суворава (ад помніку Альгерду да помніку Караткевічу) зьвярнуўся прадстаўнік Беларускага нацыянальнага кангрэсу Ўладзімер Кійко.
Мітынг ці шэсьце. Што дазволяць?..
Ці атрымаюць заяўнікі дазвол на правядзеньне ў Віцебску хаця б аднаго масавага мерапрыемства з нагоды 100-годзьдзя БНР? Карыстальнікі сацыяльных сетак мяркуюць, што “агульная хваля”, якая ідзе па краіне, мусіць закрануць і Віцебск, і што дазвол, прынамсі на мітынг, будзе атрыманы. Іншыя ж выказваюць скепсыс, спасылаючыся на “віцебскую спэцыфіку”.
Раней шэраг партыйных і грамадзкіх дзеячоў Віцебшчыны накіравалі мясцовым уладам адкрыты зварот з заклікам “утварыць у гарадах і мястэчках нашага краю аргкамітэты і правесьці ўрачыстыя, сьвяточныя мерапрыемствы ў падтрымку дзяржаўнасьці беларускага народу, якая пачала свой адлік з 25 сакавіка 1918 года і зараз з’яўляецца Рэспублікай Беларусь”.
Ліст быў адпраўлены і на адрас старшыні Віцебскага аблвыканкаму Мікалая Шарсьнёва.
Аблвыканкам: сьвяткаваньне 100 год БНР не плянуецца
Да гэтага электронны зварот у Віцебскі аблвыканкам накіраваў вядомы ў Беларусі абаронца правоў беларускамоўных грамадзян Ігар Случак. У адказе з галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкаму гаворыцца, што “маштабнае сьвяткаваньне 100-гадовага юбілею абвяшчэньня БНР і правядзеньне мерапрыемстваў, зьвязаных з гэтай датай, на тэрыторыі Віцебскай вобласьці не плянуецца”.
“Памятных месцаў, зьвязаных з абвяшчэньнем БНР у Віцебску і Віцебскай вобласьці не існуе”, – цьвердзяць чыноўнікі. На іх погляд, больш мэтазгодным будзе зьвярнуць увагу на праблематыку абвяшчэньня БНР пры сьвяткаваньні 100-гадовага юбілею БССР…
Зьміцер Міраш