Прычына адмовы – заяўнік не далучыў да сваёй заяўкі дамоваў, прадугледжаных рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 году № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».
Леанід Сьвецік прадбачыў, што менавіта гэткую падставу ўжывуць улады раёну дзеля забароны заяўленай ім імпрэзы. Таму ў заяўцы пазначыў: «Дамовы з упраўленьнем унутраных справаў Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту, з установай аховы здароўя "Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка" і з унітарным камунальным вытворчым прадпрыемствам "Віцебская гарадзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка" будуць мною заключаныя толькі ў выпадку дазволу правядзеньня мітынгу. Адмова на падставе непадачы дамоваў будзе ўспрынятая мною як сьвядомая перашкода ў рэалізацыі канстытуцыйных правоў і іншых законных інтарэсаў». Апошнюю заўвагу праваабаронцы намесьнік старшыні райадміністрацыі Ільмовіч праігнараваў.
Праігнараваў высокапастаўлены раённы чыноўнік і апошні сказ ў заяўцы Леаніда Сьвеціка: «Прапаную адміністрацыі Чыгуначнага раёну г. Віцебску ўзяць удзел у заяўленым мітынгу ў якасьці арганізатара». Калі б на гэтую прапанову быў дадзены станоўчы адказ, то ня трэба было б заключаць дамовы, згаданыя вышэй, якія вымагаюцца толькі ў выпадку, калі ў арганізацыі ці правядзеньні імпрэзы ня ўдзельнічаюць органы ўлады. Аднак паколькі спадар Ільмовіч «не заўважыў» прапанову, то, выходзіць, улады мо ня супраць паўдзельнічаць у арганізацыі мітынгу, які самі ж забаранілі?
Паводле віцебскага праваабаронцы, ён ня надта спадзяваўся, што чыноўнікі адміністрацыі раёну пагодзяцца на прапанаваны ім фармат сьвяткаваньня Дня Канстытуцыі: «Тое, што ўлады адмовяць у правядзеньні, я ніколькі не сумняваўся. Для ўладаў ня важна, што Канстытуцыяй гарантуецца рэалізацыя правоў і свабодаў грамадзян і што дзяржава абавязаная спрыяць грамадзянам у гэтым. Цягам дзесяцігодзьдзяў улады Віцебску забараняюць усе масавыя мерапрыемствы, якія заяўляюць жыхары гораду. І ня важна, якія падставы гэтых забаронаў. Важна іншае: мясцовыя "вэртыкальшчыкі" сьвядома і мэтадычна парушаюць палажэньні асноўнага закону краіны, дэкляраваныя ў ім палітычныя і грамадзянскія правы і свабоды, што недапушчальна ў дэмакратычным, плюралістычным грамадзтве».
Кастусь Дзьвінскі