Субота, 08 Май 2021

Чарговы Тэлеграм-пікет выклікаў цікавасць міліцыі і суду

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

За ўдзел у інтэрнэт-пікеце старшы інспектар маёр міліцыі Ўладзімір Казлоўскі склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні віцебскай грамадзянскай актывісткі Караліны Цярэнцьевай. Матэрыялы справы будуць разгледжаныя 17 мая 2021 года ў 10-30 суддзём суду Першамайскага раёну Віцебску Міхаілам Юрчанкам.

У пратаколе паведамляецца суду, што Караліна Цярэнцьева паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага пакарання за такое ж парушэнне ў неўстаноўлены перыяд часу, але не пазней 26.03.2021 года з мэтай выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правяла масавае мерапрыемства – пікетаванне без адпаведнага дазволу мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, шляхам размяшчэння відэазапісу для публічнай дэманстрацыі грамадзянам у глабальнай сетцы Інтэрнэт на Телеграм-канале «Віцебск 97%».

На відэа бачна, як Цярэнцьева, знаходзячыся ў  «неўстаноўленым месцы» на фоне бел-чырвона-белага сцяга прамаўляла лозунгі: «Усе мы з вамі героі! І толькі ад нас залежыць наша Перамога!», дэманстравала жэсты: «Верам!», «Можам!», «Пераможам!».

Паводле пратаколу, відэазапіс была выяўлены 26 сакавіка падчас маніторынгу сеткі Інтэрнэт.

На думку старшага інспектара Казлоўскага, сваімі дзеяннямі актывістка парушыла ўстаноўлены арт. 10 закону «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспублікі Беларусь» парадак правядзення пікетавання, з'яўляючыся яго ўдзельнікам, і за гэтае правапарушэнне ёй неабходна прызначыць пакаранне, прадугледжанае ч. 3 арт. 24.23 КаАП. Але суд павінен вырашыць, які від пакарання ўжыць да Караліны з магчымых прадугледжаных артыкулам варыянтаў: штраф у памеры ад 20 да 200 базавых велічынь, або грамадскія працы ад васьмі да шасцідзесяці гадзін, або адміністрацыйны арышт ад 15 да 30 сутак.

Міхась Пісараў