«Выклікалі мяне ў чацьвер, 20 чэрвеня. Але расказваць асабліва няма чаго. Паглядзела на Андрэя, ён схуднеў, але выглядае нармальна. І трымаецца добра, настрой добры. Даведалася і рашэньне старшыні суду наконт спатканьня. Сказана, што яго могуць дазволіць толькі па сканчэньні судовага працэсу. Навошта я тады пісала заяву? Навошта ён казаў, што нешта можна па ёй вырашыць? Сказаў бы адразу, што па законе — толькі пасьля суду, і я не спадзявалася б дарэмна», — заявіла Вольга Гайдукова.
Заяву наконт спатканьня Вольга Гайдукова прывозіла ў Віцебск асабіста яшчэ 14 чэрвеня. Бо тымі днямі старшыня суду паабяцаў праваабаронцу Паўлу Левінаву і каардынатарцы аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацьцяне Севярынец, што абмяркуе магчымасьць спатканьня з судзьдзёй Галінай Урбановіч, што вядзе працэс Андрэя Гайдукова. Цяпер, калі рашэньне вядомае, застаецца толькі чакаць лістоў, кажа спадарыня Вольга Гайдукова.
«Прыйшла паштоўка, датаваная 18 чэрвеня. 21-га мы перадалі Андрэю харчовую перадачу. Ужо відавочна, што працэс так хутка ня скончыцца», — разважае Гайдукова. Наступнае паседжаньне заплянаванае на чацьвер, 27 чэрвеня. Паводле Вольгі Гайдуковай, адвакаты не казалі, што ў гэты дзень прагучыць вырак Андрэю Гайдукову.
Спадарыня Вольга нічога ня можа ўдакладніць і наконт выказваньня старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валера Вакульчыка пра тое, што ў дачыненьні да Андрэя Гайдукова можа быць зьменены артыкул, паводле якога ад пачатку была заведзеная крымінальная справа. Маці нічога ня ведае пра тое, ці выстаўляе сыну нейкае іншае абвінавачаньне замест ранейшых, паводле двух артыкулаў крымінальнага кодэксу: часткі 1 артыкулу 14 — «Замах на злачынства», і часткі 1 артыкулу 356 — «Здрада дзяржаве». Паводле гэтых артыкулаў, 23-гадоваму апэратару наваполацкага «Нафтану» пагражае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня. Андрэя Гайдукова вінавацяць у зборы інфармацыі для замежных спэцслужбаў. Матэрыялы крымінальнай справы падсуднага складаюць 4 тамы.
Нагадаем, Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 8 лістапада 2012 году ў Віцебску, нібыта падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, цікавымі для замежных спэцслужбаў. З тае пары ён застаецца пад вартай. Родныя і сябры ня вераць, што ён займаўся шпіянажам, і тлумачаць ціск з боку КДБ апазыцыйнымі поглядамі хлопца і яго імкненьнем стварыць міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Саюз маладых інтэлектуалаў».