«Я прасіла, каб адвакат напісала заяву на сустрэчу з сынам, каб яны паразмаўлялі пра ягоную справу. Адвакат мне патэлефанавала і паведаміла, што яго пераводзяць у Віцебск. Ёй так сказаў сьледчы Алег Барысевіч. Я ня ведаю, як да гэтага ставіцца. Бо спачатку казалі, што яго адвезьлі ў Менск, бо ў Віцебску, дзе ён быў затрыманы, няма структуры КДБ для ўтрыманьня падазраваных. Цяпер, атрымліваецца, яго можна трымаць і тут. Можа, памянялася абвінавачаньне? А можа, яго вырашылі перавесьці таму, што сьледчы зь Віцебску, і яму не выпадае езьдзіць у Менск? Карацей, адны загадкі. Адвакат сама не ведае падрабязнасьцяў».
Вольга Гайдукова дакладна ня ведае, дзе сын знаходзіцца ў цяперашні момант: яшчэ ў Менску, ужо ў Віцебску ці ў дарозе. Ня ведае яна, і дзе яго будуць утрымліваць. Хутчэй за ўсё, у віцебскім СІЗА, мяркуе маці. Яна спадзяецца, што адвакату ўдасца дамовіцца наконт сустрэчы з Андрэем на наступным тыдні, і тады хоць нешта высьветліцца. Ніводнага ліста ад сына яна дагэтуль так і не атрымала, хаця ён іх пісаў. Пакуль яна ня ведае і таго, на якую віцебскую адрэсу накіроўваць свае допісы.
У менскі СІЗА КДБ Андрэя Гайдукова зьмясьцілі пасьля затрыманьня ў Віцебску, якое адбылося 20 дзён таму. 23-гадовага апэратара наваполацкага прадпрыемства «Нафтан» вінавацяць паводле крымінальнага артыкулу «Здрада дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасьці». Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, хлопца затрымалі «падчас закладкі тайніка са зьвесткамі, якія цікавяць замежныя спэцслужбы». Гэтае абвінавачаньне многія лічаць бязглуздым, а перасьлед Гайдукова зьвязваюць зь яго апазыцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі застрашыць моладзевых актывістаў.