«Голас у яго быў стомлены, магчыма, таму, што адпрацаваў зьмену, ці зь якой іншай прычыны. Але я была вельмі рада, бо месяц не было ад яго званка. Ігар сказаў, што адстаяў вялікую чаргу, каб патэлефанаваць дамоў. Бо людзі ў калёнію ўсё прыбываюць, а тэлефонных апаратаў не хапае, і таму вялікія чэргі, каб стэлефанавацца. У Ігара нібыта справы ідуць цяпер больш-менш, ва ўсякім разе, за гэты месяц у карцэр не адпраўлялі, але пра ўмовы больш ён нічога ня кажа. Відаць, з пэўнай прычыны», - паведаміла Валянціна Аліневіч.
У канцы красавіка - пачатку траўня Ігар Аліневіч адбыў 10 сутак у карцэры, куды за час знаходжаньня ў калёніі «Віцьба-3» трапляў ужо некалькі разоў. Прычыны пакараньня сваякам палітвязьня невядомыя. Раней у калёніі Ігара Аліневіча пазбавілі доўгатэрміновага спатканьня са сваякамі і адмовілі ў праве атрымліваць перадачы. Каб набыць харчы ў турэмнай краме, Ігар Аліневіч можа выкарыстаць на месяц толькі 180 тысяч рублёў - адну базавую велічыню. Маці палітвязьня мяркуе, што такі парадак адносна Ігара Аліневіча ўведзены з адмысловых прычын.
Паводле зьвестак ад Ігара Аліневіча, у траўні калёнію «Віцьба-3» наведвала праверка. «Пра тое, што ў выніку праверкі ўмовы сталі ў нечым лепшымі, сын нічога не казаў», - сказала Валянціна Аліневіч.
Ігар Аліневіч - актывіст анархісцкага руху. Ён працягвае цікавіцца лёсамі сваіх сяброў-аднадумцаў, якія таксама былі асуджаныя за ўдзел у пратэстных акцыях 2010 году: «Пытаўся ў мяне пра Мікалая Дзядка, які, як вядома, рэзаў вены на рукох на знак пратэсту ў калёніі ў Горках. Ігар прачытаў пра гэта ў газэтах, якія атрымлівае. Перадаваў прывітаньне ўсім, хто яго памятае», - паведаміла Валянціна Аліневіч.
У 2011 годзе Ігара Аліневіча асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны актывіст не прызнаў і адмаўляецца падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Праваабаронцы зь «Вясны» мяркуюць, што Ігара Аліневіча, як і некаторых іншых палітвязьняў, адмыслова залічылі ў «злосныя парушальнікі рэжыму», каб яны не маглі разьлічваць на амністыю.