У судзе Аршанскага раёна 30 траўня вынесены прысуд мясцоваму жыхару Антону Баброву. Яго абвінавацілі ў абразе прэзідэнта згодна з ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Антона затрымалі да суда 21 сакавіка і ўвесь час ён змясціўся ў Віцебскім абласным СІЗА №2.
Прысуд вынесла суддзя Святлана Кузьмічонак, якая за апошнія непоўных два гады, разгледела больш за некалькі дзесяткаў спраў звязаных з абразай міліціянтаў, чыноўнікаў і прэзідэнта.
Па матэрыялах абвінавачання, Баброў у адным з тэлеграм-каналаў двойчы пакінуў абразлівыя каментары ў бок прэзідэнта Беларусі, якія лінгвістычная экспертыза палічыла ненарматыўнай формай маўленчага выказвання. Сваю віну Антон Баброў у судзе прызнаў цалкам і раскаіўся ў здзейсненым учынке.
Незвычайным было тое, што працэс прайшоў за адзін дзень.
Баброва пакаралі пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады. Прысуд не набыў моц.
Лявон Яфрэменка