Палітвязень Ігар Лосік родам з Баранавічаў, там цяпер засталася ягоная сям’я – жонка Дар’я і дачка Паўліна. Да іх і прыйшлі судовыя выканаўцы, «шукаючы, што б можна было апісаць», распавяла Дар’я Лосік:
«Арыштавалі тэлевізар, піяніна таксама, хоць яго набылі бацькі, яшчэ калі я пайшла ў першы клас. Але дакументаў аб яго набыцці ў мяне не было, таму яго таксама арыштавалі. Чайнік арыштавалі, камплект мэблі з люстрам. Усё, што было набыта ў шлюбе. Як адна з супрацоўніц мне патлумачыла, я магу выкупіць сваю маёмасць. Усю, альбо тую, якую захачу».
Мяркуецца, што за грошы з продажу маёмасці будзе пагашана сума шкоды, нанесенай дзяржаве дзейнасцю Ігара Лосіка і іншых фігурантаў ягонай справы. Паводле версіі суду, яна складае 2,5 мільёна рублёў, да гэтага дадаюцца каля 130 тысяч рублёў судовых выдаткаў. Усе гэтыя грошы дзяржаўныя органы збіраюцца спагнаць з родных асуджаных. Паводле заканадаўства, Ігар Лосік можа і сам выкупіць уласную маёмасць, але на гэты ён павінен атрымаць дазвол у Аддзеле прымусовага выканання. Паводле Дар’і Лосік, яна мае намер выкупіць частку рэчаў, астатняе будзе прададзена праз крамы канфіскату.
Што да падрабязнасцяў наконт знаходжання Ігара Лосіка ў наваполацкай калоніі, то на мінулым тыдні Дар’я перадала мужу вялікую перадачу вагой 50 кг. Сам зняволены напісаў заяву на тэлефанаванне жонцы, і цяпер яна штохвіліны чакае званка. Наконт магчымага спаткання ў калоніі інфармацыі пакуль няма, прычым памяшканне для сустрэчаў у наваполацкай ПК №1 цяпер на рамонце.
Падтрымаць Ігара Лосіка можна лістамі, даслаўшы іх на адрас:
211440, Віцебская вобласць, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8. ПК №1
Лосіку Ігару Аляксандравічу
Міхась Хмара
Серада, 27 Ліпень 2022
Пакуль журналіст Ігар Лосік адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі, у яго дома арыштавалі маёмасць
Журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі ўжо больш за два гады: 25 чэрвеня 2020 г. ён быў затрыманы, а ў снежні 2021 г. быў асуджаны да 15 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Гомельскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў») і паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу («Распальванне варожасці ці варажнечы»). Сёлета 22 чэрвеня Ігара Лосіка накіравалі ў наваполацкую ПК №1, а да яго дадому днямі прыйшлі судовыя выканаўцы ды арыштавалі маёмасць.
Апублікавана ў
Палітвязьні
Тэгі: