Чацвер, 18 Жнівень 2022

Палітвязень Мікалай Статкевіч напісаў пра схему «стварэння абвінавачванняў»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У лістах, атрыманых жонкай зняволенага палітыка Марынай Адамовіч, ён распавядае пра тое, адкуль бяруцца новыя абвінавачанні супраць ужо зняволеных людзей. І тлумачыць, чаму пісаў заяву пра тое, каб адбываць пакаранне ў адзіночнай камеры: каб захаваць асабістую бяспеку, у тым ліку і ад беспадстаўных абвінавачанняў у «злачынствах, пра якія нібыта распавёў суседзям». Цяпер ён і знаходзіцца ў «адзіночцы» глыбоцкай калоніі № 13, але не паводле ўласнай заявы, а ў якасці пакарання, вынесенага адміністрацыяй.

«Я ўжо маю тры заявы ад сукамернікаў, калі паводле маіх нібыта «прызнанняў у злачынствах» распачыналіся крымінальныя справы супраць мяне. Але насамрэч праблема значна шырэйшая: саджаюць чалавека ў ЦІП (Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў –аўт.), а потым па заяве сукамерніка, пра якую ён ніколі не даведаецца, распачынаюць крымінальную справу. Іншым разам з самымі бязглуздымі абвінавачваннямі. І адпраўляюць яго ў СІЗА. Там абураны чалавек пачынае даводзіць недарэчнасць абвінавачвання, а следчы, зноў так, паводле заяваў сукамернікаў, фіксуе яго словы і распачынае справу з больш падобнымі да праўды абвінавачваннямі. І такіх выпадкаў тысячы», – цытуе ліст Мікалая Статкевіча ягоная жонка.

У адным з лістоў Мікалай Статкевіч апісвае адзіночную камеру, дзе цяпер знаходзіцца. Гэта паўпадвальнае памяшканне, «звыш кампактнае», па якім, калі ложак на дзень прышпілены да сцяны, можна прайсці 3-4 крокі. На належную паўгадзінную прагулку ні разу не выводзілі, адзначае палітвязень. Адміністрацыя тлумачыць гэта рамонтамі ў прагулачных дворыках. Але Статкевіч, паводле ягоных лістоў, пастаянна робіць фізічныя практыкаванні, і нават у абмежаванай прасторы «адзіночкі» стараецца «находжваць» паўтара-два кіламетры.

Зняволены палітык абураецца, што адміністрацыя не змясціла яго ў адзіночную камеру паводле скаргаў на патэнцыйную небяспеку з боку сукамернікаў і адміністрацыі калоніі. Ён лічыць, што гэта можа стаць кепскай завядзёнкай у месцах пазбаўлення волі. На дадзены момант яго трымаюць у «адзіночцы» па рашэнні адміністрацыі, якая таксама пазбавіла яго харчовых пасылак і спатканняў, а таксама прызнала «схільным да экстрэмізму».

Мікалай Статкевіч знаходзіцца ў глыбоцкай ПК-13 (народная назва «Беразвечча») з 24 чэрвеня. Ён асуджаны да 14-ці гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя масавых беспарадкаў).

Феліцыян Красоўскі