Аўторак, 23 Жнівень 2022

Былы юрысконсульт ААТ «Нафтан» Аляксандр Капшуль абвінавачваецца па трох крымінальных артыкулах

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Днямі КДБ скончыў расследаваць справу «Рабочага руху», у якім, на думку ўладаў, прымаў удзел і Капшуль. Па версіі следства, у дзеяннях Аляксандра праглядваюцца прызнакі злачынстваў: па ч.2 арт. 295 КК (Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі), ч.1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве), ч.3 арт.361-1 КК (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім).  Цяпер былы юрысконсульт знаходзіцца ў СІЗА КДБ. У бліжэйшы час, матэрыялы справы будуць перададзеныя ў пракуратуру, а адтуль у адзін з мінскіх судоў.

Прэс-службы КДБ паведаміла пра тое, што удзельнікі названага фармавання, акрамя здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці, ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі і іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да суб'ектаў гаспадарання Рэспублікі Беларусь.

4 снежня 2020 году Капшуль далучыўся да нацыянальнай стачкі.

Пераслед Капшуля пачаўся год таму, калі ў верасні 2021 года на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі без законных на тое падстаў ён быў затрыманы і перададзены расейскімі ўладамі супрацоўнікам КДБ Беларусі, якія з памежнага пераходу «Троебортное» таемна вывезлі яго ў Мінск. Паведамлялася, што ў яго была зламаная нага і пашкоджаная рука.   

Аляксандр у 2000 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Міжнароднае права», адпрацаваў больш за 20 гадоў юрысконсультам у юрыдычным аддзеле юрыдычнага ўпраўлення ААТ «Нафтан». Ён жанаты, мае двух няпоўнагадовых дзяцей.

Праваабаронцы, 28 верасня 2021 года, прызналі Капшуля палітвязнем.

Іван Чайка