Чацвер, 25 Жнівень 2022

Чарговы палітвязень з Віцебшчыны – Роберт Кузняцоў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

25 жніўня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ 10 чалавек, сярод іх Роберт Кузняцоў, жыхар пасёлку Друя Браслаўскага раёну. Суддзя Віцебскага абласнога суду Галіна Бондал прызнала яго вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Роберт Кузняцоў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пакуль ён знаходзіцца ў віцебскім СІЗА-2.

Паводле абвінавачання, 38-гадовы жыхар Друі на працягу некалькіх месяцаў размяшчаў у сацыяльных сетках абразлівыя каментары ў дачыненні да кіраўніцтва нашай краіны. Заклікаў да захопу дзяржаўнай улады, у тым ліку з ужываннем агнястрэльнай зброі, і да змены канстытуцыйнага ладу Беларусі. Таксама ён публікаваў блюзнерскія фотавыявы дзяржаўнага сцяга нашай рэспублікі з адпаведнымі каментарамі.

Гісторыю Роберта Кузняцова, рэгіянальнага актывіста, прыхільніка Мікалая Статкевіча і намесніка прадстаўніка па Віцебскай вобласці ў Радзе Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, днямі апублікавала на сваім сайце абласной газета «Витебские вести». У аповедзе падкрэсліваецца, што імя героя зменена, але ў дачыненні да яго выкарыстоўваюцца самыя брудныя эпітэты з відавочнай мэтай стварыць адмоўны імідж чалавека з апазіцыйнымі палітычнымі поглядамі.

Феліцыян Красоўскі