«Днямі пазваніў і сказаў, што адбыў 10 сутак, першамайскія сьвяты яшчэ быў у ШЫЗА, цяпер выйшаў. Прычыну пакараньня, як заўжды, не назваў. Магчыма, зноў за адмовы ўдзельнічаць у прыбіраньні, але не выключаю і іншых прычын. Яго на Першамай і раней каралі», – паведаміў бацька палітвязьня Ўладзімер Аліневіч.
Паводле падлікаў бацькоў Ігара Аліневіча, гэты было пятае за год яго пакараньне карцэрам.
«Раней ён адмаўляўся ўдзельнічаць у прыбіраньні памяшканьняў корпусу, бо гэта было не звычайнае прыбіраньне па чарзе, а выключна адносна некалькіх чалавек такія прызначэньні», – патлумачыў сытуацыю Ўладзімер Аліневіч.
Актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганскіх дзеяньнях адносна адміністрацыйных будынкаў. У судзе Ігар Аліневіч сваёй віны не прызнаў і пазьней адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Пасьля наваполацкай калёніі, якая была ліквідаваная, палітвязьня перавялі ў калёнію «Віцьба-3» і трымаюць там ужо амаль год.