Панядзелак, 19 Чэрвень 2023

Палітзняволены Андрэй Аляксандраў працуе ў ПК1 на дрэваапрацоўцы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Наваполацкай калоніі №1 адбывае тэрмін палітзняволены Андрэй Аляксандраў -- журналіст і медыяменеджар , асуджаны да 14-ці гадоў пазбаўлення волі адразу па чатырох артыкулах Крымінальнага Кодэксу. 6 кастрычніка 2022 г. яго прызналі вінаватым паводле ч. 2 арт. 342 (Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці); ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве); ч. 1 арт. 361-1 (Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні); ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў).

Ліставанне з Андрэем Аляксандравым падтрымліваюць перадусім ягоныя сваякі: астатняе карэспандэнцыя найчасцей блакуецца. Са сціплых звестак пра Адяксандрава вядома, што ён вельмі істотна схуднеў, але працягвае займацца фізічнымі практыкаваннямі. Бо спорт быў адным з ягоных самых вялікіх захапленняў праз усё жыццё. Каб не адставаць ад навін, у калоніі ён выпісвае спартыўнае выданне «Прессбол», і гэта практычна адзіная магчымасць атрымліваць адносна аператыўную інфармацыю. Працуе Андрэй Аляксандраў на дрэваапрацоўцы.

Здарылася так, што адбываць пакаранне Андрэя Аляксандрава накіравалі ў горад, дзе ён распачынаў сваю журналісцкую дзейнасць: ён скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту і пачынаў працаваць у Наваполацку, у незалежнай гарадской газеце «Хімік» і на мясцовым гарадскім тэлебачанні. Таму вельмі часта называў Наваполацк сваім родным горадам.

У 2009–2012 гадах Андрэй Аляксандраў быў намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), сёлета прызнанай беларускім КДБ экстрэмісцкім фарміраваннем.Са жніўня да лістапада 2020 году Аляксандраў супрацоўнічаў з краўдфаўндынгавай плятформай BY_help, якая дапамагала выплачваць адміністрацыйныя штрафы асуджаным за ўдзел у мірных пратэстах, гэта лягло ў аснову крымінальнага абвінавачання. Судзілі журналіста і медыяменеджэра ў такс званай «справе БелаПАН». У канцы студзеня 2023 г. асуджанага Андрэя Аляксандрава этапавалі ў наваполацкую ПК № 1.

Гэтая калонія вядомая жорсткім стаўленнем да зняволеных. На сённяшні дзень там знаходзяцца 100 палітвязняў, у тым ліку блогер Ігар Лосік, журналіст-фрыленсер Андрэй Кузнечык, да нядаўняга часу там утрымлівалі і экс-прэтэндэнта на ўдзел у мінулых прэзідэнцкіх“ выбарах Віктара Бабарыку. Напрыканцы красавіка, непасрэдна з месца зняволення ён трапіў у Наваполацкі гарадскі шпіталь са слядамі збіцця. Калі інфармацыя пра гэты інцыдэнт трапіла ў незалежныя СМІ, Віктара Бабарыку тэрмінова вывезлі з наваполацкага шпіталю, і дзе ён цяпер знаходзіцца, застаецца не вядомым.

Міхась Хмара