Аўторак, 25 Ліпень 2023

Жонцы вярнуўся яе ліст да Мікалая Статкевіча з фармулёўкай «адмова ад атрымання»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жонка палітвязня Марына Адамовіч паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што ёйпа пошце вярнулі ліст, напісаны да мужа. На ім пазнака «адмова ад атрымання». Падобна, ад атрымання карэспандэнцыі адмовіўся не сам адрасат, а кіраўніцтва Глыбоцкай калоніі №13, дзе ўтрымліваюць зняволенага апазіцыйнага палітыка. Пяць з паловай месяцаў жонцы не даходзяць лісты ад Статкевіча, і яна нічога не ведае ні пра стан ягонага здароўя, ні пра ўмовы ўтрымання. Цяпер у калоніі вырашылі «ізаляваць» ад лістоў з волі і палітвязня.

У сярэдзіне траўня Марына Адамовіч атрымала адказ адміністрацыі ПК 13 пра тое, што Мікалая Статкевіча змясцілі на паўгода ў адзіночную камеру. У глыбоцкай калоніі зняволены палітык знаходзіцца з канца чэрвеня мінулага года. З таго часу яго рэгулярна змяшчалі ў ШЫЗА – яму выпісалі не менш за 36 спагнанняў.

Палітыка трымаюць за кратамі ўжо больш за 3 гады. 14 снежня 2021г. Мікалаю Статкевічу быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў). 4 лістапада 2022 г. МУС уключыла Мікалая Статкевіча ў "Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".Гэта адбілася на ўмовах утрымання палітвязня: яго пазбавілі перадач і спатканняў.

Міхась Хмара