Аляксей Кісялёў быў затрыманы сёлета ўвесну. Пра гэта 13 сакавіка паведаміў Telegram-канал, блізкі да сілавікоў. У відэароліку пра ягонае затрыманне сцвярджалася, што хлопец меў «нармальную працу ў райвыканкаме».
У «пакаяльным» відэа, запісаным міліцыянтамі, Кісялёў кажа, што браў удзел у навучальнай праграме Аб'яднанага пераходнага кабінета «Кадравы рэзерв», і што за гэта супраць яго распачалі крымінальную справу.
Праграма «Кадравы рэзерв для новай Беларусі » была створаная Аб’яднаным пераходным кабінетам у лістападзе 2022 года з мэтай падрыхтоўкі чыноўнікаў, якія будуць праводзіць рэформы ў органах дзяржаўнага кіравання пасля дэмакратычных пераменаў у краіне.У лютым 2024 года ўлады прызналі гэтую праграму «экстрэмісцкім фармаваннем».
Праваабаронцы адзначаюць, што артыкул 361-5 быў уведзены ў Крымінальны кодэкс Беларусі толькі ў 2021 годзе, і што разгляд крымінальнай справы Аляксея Кісялёва - гэта толькі другі суд у Беларусі паводле гэтага артыкула. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць суддзя Віцебскага абласнога суда Юрый Урбан.
Вераніка Траскавец