19 снежня 2022 года у судзе Кастрычніцкага раёна Дзяніс Хаўханаў быў прызнаны вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза Лукашэнкі). Суддзя Сняжана Кіндзеева асудзіла хлопца на адзін год і два месяцы пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма. Судовы працэс праходзіў у прысутнасці сурдаперакладчыка, бо хлопец мае інваліднасць па слыху.
Дзяніса абвінавацілі ў тым, што ён са свайго мабільнага тэлефона пад пастом у тэлеграм-канале пакінуў каментары. Суд прызнаў, што яны «даюць негатыўную ацэнку, прыніжаюць аўтарытэт, гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі».
Сведкамі па справе выступалі супрацоўнік ГУБАЗ, які выявіў, што Дзяніс пад псеўданімам пакінуў каментары ў Telegram і аднакурснік Дзяніса. Той паведаміў, што «чуў неаднаразова ад яго негатыўныя выказванні на адрас Лукашэнкі. Таксама бачыў, як Хаўханаў у месенджары Тэлеграм праглядаў ролікі, якія крытыкуюць Лукашэнку».
Мабільны аператар МТС прадаставіў следству дадзеныя, паводле якіх абаненцкі нумар Дзяніса ў інкрымінаваны час працаваў па месцы яго жыхарства.
У судовай пастанове было падкрэслена, што «абразы, якія ўтрымліваюцца ў запісе, супярэчаць устаноўленым правілам камунікацыі паміж людзьмі, нормам агульначалавечай маралі, прыніжаюць гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы, … падрываюць аўтарытэт дзяржаўнай улады».
13 студзеня 2023г. Дзяніса Хаўханава ўключылі ў "спіс экстрэмістаў", які складае МУС.
На волю хлопец выйшаў, паводле падлікаў праваабаронцаў, напрыканцы 2023 года.
Іван Чайка