Панядзелак, 30 Верасень 2024

На наваполацкім тэлеканале «Звязда» пракурор горада распавёў пра абвінавачанне палітвязня

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Старшы памочнік пракурора г. Наваполацка Сяргей Шынкевіч афіцыйна паведаміў, за што асудзілі Дзмітрыя Шалака. Прадстаўнік пракуратуры ўдакладніў, што прысуд, вынесены 8 жніўня суддзёй Наваполацкага гарадскога суда Таццянай Хрыпач, асуджаны не абскарджваў. Яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт.368 КК (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і паводле арт.369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Дзмітрыя Шалака асудзілі да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і да штрафу памерам 200 базавых велічыняў (8 тысяч рублёў).

Паводле памочніка пракурора, з ліпеня 2021 года па красавік 2022 года ў розных Telegram-каналах жыхар Наваполацка, супрацоўнік «Нафтана», бубнач групы «Паранойя долс» Дзмітрый Шалак свядома пакідаў абразлівыя каментары, якія ўтрымлівалі ненарматўную лексіку, на адрас прадстаўнікоў улады. Таксама, «прытрымліваючыся ідэяў нецярпімасці да ўладаў», на некалькі інтэрнэт- рэсурсах размясціў абразлівая каментары на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Свае ўчынкі мужчына патлумачыў тым, што «паддаўся негатыўнаму ўздзеянню пратэстных рэсурсаў».

Сяргей Шынкевіч браў удзел у судовым працэсе над Дзмітрыем Шалакам у якасці прадстаўніка пракуратуры. І менавіта ён прапанаваў пакараць навапалачаніна трыма з паловай галамі зняволення і грашовым штрафам, і суд цалкам падтрымаў гэтую прапанову.

Сёлета ў жніўні беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Дзмітрыя Шалака палітычным зняволеным.

Наталля Первякова