Чацвер, 03 Кастрычнік 2024

Супраць экс-палітзняволенай Эмы Сцепулёнак распачалі крымінальную справу за «абразу прадстаўніка ўлады»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Газета «Міёрскія навіны» паведаміла, што супраць «71-летней миорчанки 16 сентября возбуждено уголовное дело по статье 369 «Оскорбление представителя власти». Ранее пенсионерка уже была судима в том числе за подобное преступление. Очередной факт установлен в процессе изучения ее аккаунта в социальной сети». Гэтыя звесткі даюць падставы меркаваць, што крымінальную справу распачалі супраць Эмы Сцепулёнак, былой палітзняволенай, якая ў траўні 2023 года вызвалілася з калоніі, цалкам адбыўшы двухгадовы тэрмін зняволення.

Праўда, у раённай газеце ёсць адна недакладнасць: 71 год Эме Антонаўне Сцепулёнак споўніцца толькі сёлета ў лістападзе.

Жанчына была затрымана ў верасні 2021 г. Першыя два месяцы жанчыну ўтрымлівалі ў жодзінскай турме № 8, а потым перавялі ў віцебскі СІЗА-2. У сярэдзіне кастрычніка жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт. Амаль год пенсіянерку з Мёраў трымалі пад вартай.

17 лістапада 2022 г. яе асудзілі за каментары па «справе Зэльцэра». Жанчыну прызналі вінаватай паводле двух артыкулаў Крымінальнага Кодэкса - арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). У зняволенні ў яе пагоршыўся зрок, абвастрыліся праблемы з ціскам.

Склалася так, што былая настаўніца ўсё сваё жыццё аддала школе і не мае ўласнай сям’і. Яна дапамагала сястры выхоўваць пляменнікаў, але цяпер яны далёка -у Санкт-Пецярбурзе. Таму на падтрымку родных яна разлічваць практычна не можа, і падчас першага зняволення ёю апекаваліся чужыя, але неабыякавыя людзі.

Ірына Махоўская