Пасля некалькіх прысуджаных яму адміністрацыйных арыштаў, у там ліку «за пікетаванне ў інтэрнэце», супраць пробашча шумілінскай парафіі Маці Божай Фацімскай распачалі крымінальную справу. У чым канкрэтна вінавацяць Анджэя Юхневіча, інфармацыі няма. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала святара палітычным зняволеным.
Затрыманне ксяндзоў Анджэя Юхневіча і Паўла Лемеха адбылося ў Шуміліне пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў у шумілінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай. Ксёндз Павел Лемех таксама трапіў пад адміністрацыйны пераслед, але зараз ён на волі. У пачатку ліпеня парафіяне даведаліся, што на Анджэя Юхневіча аказваюць ціск, і таму ён «у знясіленым стане».
Ксёндз Анджэй Юхневіч — святар ордэна Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі, пробашч дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божаў Фацімскай у Шуміліна, кіраўнік каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі. Што да спробаў звінаваціць яго за амаральныя авыодзіны, то ягоная рэпутацыя ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі бездакорная, паведамляе «Хрысціянская візія».
Ларыса Горына