Першы арышт на 15 сутак Наталля Карабліна прысудзіла ксяндзу з Шуміліна 10 траўня за «пікет, праведзены ў сацсетках». Падчас разбіральніцтва Анджэй Юхневіч пацвердзіў, што сапраўды з'яўляецца карыстальнікам сацыяльнай сеткі «Facebook», дзе мае акаўнт. На гэтай старонцы ён размясціў фотаздымак, дзе людзі стаяць на бел-чырвона-белым фоне. Але не пагадзіўся з тым, што такім чынам ён выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы і пратэставаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў 2020 годзе. Таксама святар пацвердзіў наяўнасць у яго акаўнце блакітна-жоўтага колераў сцяга Украіны. І патлумачыў, што гэтым ён выказаў скруху наконт гібелі мірных жыхароў суседней краіны ў падчас вайны з Расіяй. Суддзя прызнала ксяндза вінаватым паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП.
У той самы дзень 10 траўня ў Першамайскім судзе Віцебска разбіралі адміністрацыйную справу яшчэ аднаго шумілінскага ксяндза – Паўла Лемеха. Іх з Анджэем Юхневічам затрымалі ў адзін дзень і асудзілі за адзін і той самы фотаздымак. Ксёндз Павел выйшаў на волю пасля адміністрацыйнага арышту, а ксёндз Анджэй застаецца ў няволі.
Вядома, што за кратамі святара судзілі яшчэ некалькі разоў, але па якіх адміністрацыйных артыкулах – невядома. 25 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Анджэя Юхневіча палітычным зняволеным.
4 ліпеня Анджэя Юхневіча перавялі з віцебскага ІЧУ, дзе ён адбываў адміністрацыйныя арышты, прысуджаныя адзін за адным, у віцебскі СІЗА.
«У чым яго вінавацяць, парафіянам не гавораць. Вернікам перадалі толькі тое, што ён у знясіленым стане і за два месяцы ўпершыню змог прыняць душ, -- паведамляе katolik.life. — Вернікі пішуць пробашчу лісты ў СІЗА, перадаюць перадачы, каб ён не адчуваў сябе ў адзіноце, імкнуцца хадайнічаць перад органамі следства і пракуратуры, каб яго выпусцілі з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе. У парафіі пісалі калектыўны зварот у апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, але там адказалі, што не могуць нічым дапамагчы ў гэтай справе».
Святар Анджэй Юхневіч - святар ордэна Місіянераў Облатаў Беззаганнай Марыі, ён з'яўляецца кіраўніком каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх абшчын Беларусі. Затрыманне ксяндзоў Анджэя Юхневіча і Паўла Лемеха адбылося ў Шуміліне пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў у шумілінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай.
Ларыса Горына