Нядзеля, 20 Кастрычнік 2024

Вольгу Брыцікаву асудзілі да 6 гадоў зняволення па сукупнасці прысудаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскі абласны суд вынес ужо другі вырак палітзняволенай Вользе Брыцікавай, экс-лідарцы незалежнага прафсаюза "Нафтана". Раней гэтым жа судом яна была асуджаная да трох гадоў пазбаўлення волі паводле артыкула аб «распальванні варожасці». Цяпер яе прызналі вінаватай паводле яшчэ двух крымінальных артыкулаў – за "заклікі да санкцый" і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

Лідарку незалежнага прафсаюзу затрымалі 11 жніўня 2023 г. у межах крымінальнай справы, распачатай паводле ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі).

Па звестках праваабаронцаў, следства безвынікова шукала доказы вінаватасці Брыцікавай, адпаведныя высунутаму абвінавачванню. У апошнія месяцы 2023 г. у Наваполацку масава затрымлівалі былых і цяперашніх работнікаў «Нафтана», у тым ліку ўдзельнікаў агульнанацыянальнага страйку, і распытвалі іх пра дзейнасць прафсаюзнай лідаркі. Але, падобна, доказаў супраць яе, каб прымяніць згаданы вышэй артыкул Крымінальнага кодэксу, так і не знайшлі.

8-га красавіка Віцебскі абласны суд закрытым рэжыме асудзіў Вольгу да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Тады суддзя Галіна Бондал прызнала актывістку вінаватай толькі паводле ч. 1 арт. 130 КК.

11-га  чэрвеня Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Брыцікавай, але пакінуў яе без задавальнення, а прысуд без зменаў.

28 чэрвеня 2024 года была ўнесена ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Напрыканцы чэрвеня Вольгу перавялі ў гомельскую ПК-4.

20 жніўня 2024 г. над Вольгай распачаўся чарговы закрыты суд. Разглядаць яе справу быў прызначаны Яўген Буруноў у Віцебскім абласным судзе.  Паводле ягонага выраку, палітзняволенай дадалі яшчэ тры гады калоніі.

Марыя Башарава