Нядзеля, 17 Лістапад 2024

У пералік "асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці", дадалі палітвязня, аршанца Аляксандра Камлёнка

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паводле звестак на сайце МУС, Аляксандр Камлёнак прызнаны вінаватым паводле ч.1 арт. 368 КК (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) і ч.1 арт. 361-2 КК( Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання). Першапачаткова яго вінавацілі яшчэ і паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады).

Аляксандр Камлёнак быў затрыманы сёлета ў лютым, калі ён вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы: мужчына быў дальнабойнікам у заходніх краінах. Раней Аляксандр працаваў у лакаматыўным дэпо, але пасля 2020 года быў або звольнены, або сам звольніўся — падобна, што звальненне было палітычна матываваным.

У жніўні яго крымінальную справу разбіралі ў Віцебскім абласным судзе. 29 кастрычніка 2024 г. адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі асуджанага ў Вярхоўным судзе. Паводле сайта МУС, Аляксандр Камлёнак "адбывае пакаранне".

Іван Чайка