Палітзняволеная Эма Сцепулёнак сустрэне Новы год у калоніі
З 16 снежня былая настаўніца беларускай мовы, а цяпер пенсіянерка, пачала адбываць тэрмін пакарання ў гомельскай жаночай калоніі № 4. У зняволенні ёй засталося правесці каля 4-х месяцаў. Эму Антонаўну абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Суд прызначыў палітзняволенай 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Працэс праходзіў па месцы жыхарства Эмы Сцепулёнак – у Мёрах. Тамсама яна была затрыманая 29 верасня 2021г. у межах крымінальнай справы, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцара.
За перадачу дадзеных у "Чорную кнігу Беларусі" віцеблянку асудзілі на пяць гадоў калоніі
У Магілёўскім абласным судзе ў закрытым рэжыме 23 снежня асудзілі палітзняволеную Таццяну Карповіч паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) Крымінальнага кодэкса. Судззя Павел Клімаў прызначыў жанчыне 5 гадоў пазбаўленняволі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма і штраф 250 базавых велічыняў. Таццяна Карповіч – 25-гадовая палітзняволеная жыхарка Віцебска, паводле адукацыі праграмістка. Яна была затрыманая 17 лістапада 2021 года.
Віцебскага блогера і прадзюсара Уладзіслава Савіна прызналі палітвязнем
Уладзіслаў Савін быў асуджаны двойчы. 30 красавіка мінулага году яго асудзілі да васьмі гадоў калоніі за «махлярства ў буйным памеры» (ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу), а таксама за арганізацыю і ўдзел у акцыях пратэсту (арт. 342 Крымінальнага Кодэксу). Сёлета 26 кастрычніка ўраджэнца Віцебска асудзілі і паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу – за абразу Лукашэнкі ў вершы, змешчаным у апеляцыйнай скарзе. У выніку частковага складання двух прысуджаных тэрмінаў зняволення (8 гадоў і 2 гады) Савіну засталося адбываць у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму больш за сем гадоў.
За перасылку персанальных дадзеных у Telegram былога віцебскага сілавіка асудзілі на 2,5 гады калоніі
У Кастрычніцкім судзе Віцебска напачатку снежня асудзілі Уладзіслава Аўчыннікава паводле ч. 1 арт. 352 (Неправамоцнае авалоданне камп’ютарнай інфармацыяй), ч. 2 арт. 424 (Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Сняжана Кіндзеева прызначыла Уладзіславу 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма і штраф 300 базавых велічыняў.
ААНаўскі Камітэт па правах чалавека абавязаў расейскія ўлады не выдаваць Беларусі аршанца Андрэя Рускіх
Зняволены беларус нарадзіўся ў горадзе Орша Віцебскай вобласці. У снежні 2021 года ён пераехаў у Расію. У маі 2022 года беларускія ўлады распачалі супраць Рускіх адразу дзве крымінальныя справы з-за каментароў у сацсетках — аб абразе прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК РБ) і распальванні сацыяльнай варожасці да органаў улады (арт. 130 КК РБ). Улады Беларусі патрабуюць экстрадыцыі палітвязня.