5 кастрычніка 2021 году суд Чыгуначнага раёну Віцебску асудзіў Аляксандра Мацеюка да 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі па ч. 3 арт. 328 і арт. 332 КК са штрафам – за незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне і перавозку марыхуаны ў буйным памеры і ўтрыманні прытона, для ўжывання наркатычных сродкаў. Гэтым жа прыгаворам асудзілі і Алега Баразну – да 2 гадоў і 3 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за незаконныя дзеянні ў адносінах да наркатычных сродкаў без мэты збыту.

21 снежня праваабарончая супольнасць заявіла аб прызнанні шасці палітвязняў. Сярод іх – 24-гадовая жыхарка Віцебску Таццяна Карповіч. Улады інкрымінуюць ёй распальванне сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК). Дзяўчына знаходзіцца ў менскім СІЗА-1 на Валадарцы. Палітвязнямі таксама прызнаныя Рыгор Кастусёў, Сяргей Петрушэнка, Андрэй Гарун, Руслан Кузьміч, Андрэй Аўсіевіч.

17 снежня з папраўчай установы адкрытага тыпу (ПУАТ) №9 выйшаў на свабоду гарадзенскі музыка і актывіст Ігар Банцэр. Апошнія дні перад вызваленнем ён правёў у штрафным ізалятары ў Гарадку. Знаходзячыся ў зняволенні, Банцэр некалькі разоў абвяшчаў галадоўкі. «На жаль, не магу сфармуляваць гэта такім чынам, што я зараз на волі», – сказаў па вызваленні Ігар Банцэр.

10 снежня 2021 году калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду ў складзе старшыні – суддзі Дзяніса Губанава, суддзяў Святланы Івановай і Ларысы Сініцынай разгледзела апеляцыйную скаргу асуджанага і прызнанага праваабаронцамі палітвязнем Сяргея Іванова. Калегія не знайшла з боку суду першай інстанцыі парушэнняў матэрыяльнага і працэсуальнага законаў. І прыняла рашэнне скаргу палітвязня пакінуць без задавальнення, а рашэнне суду Віцебскага раёну – без зменаў.

Актывіст з Дуброўна Міхаіл Чамурака, асуджаны ў ліпені 2021 году да трох гадоў абмежавання волі за паклёп (арт. 188 КК), выехаў 26 лістапада з Беларусі і знаходзіцца зараз у бяспецы. Пра гэта паведамілі праваабаронцы ПЦ «Вясна». Чамурака ад 10 кастрычніка адбываў пакаранне на ваўкавыскай «хіміі» (ПУАТ №29). Ён быў прызнаны палітвязнем.