Серада, 11 Май 2022

Лідар аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП Васіль Бераснеў пераведзены ў СІЗА-1

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Васіль Бераснеў Васіль Бераснеў

Васіля Бераснева затрымалі 19 красавіка, як і шэраг іншых лідараў і актывістаў незалежных беларускіх прафсаюзаў. Больш як 20 дзён пра ягоны лёс не было афіцыйнай інфармацыі. 10 траўня праваабаронцам стала вядома, што Васіля Бераснева, а таксама былога кіраўніка незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, а цяпер перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага ў Менску.

Паводле папярэдняй інфармацыі, абодвух абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (ч.1 арт. 361 Крымінальнага кодэксу). У СІЗА КДБ яны знаходзіліся ў строгай ізаляцыі: Васілю Берасневу і Генадзю Фядынічу не перадавалі лістоў і перадач.

Васілю Берасневу – 71 год, ён нязменна кіраваў Аршанскай арганізацыяй РЭП з 2016-га году, прафсаюзная суполка дзейнічала на тэрыторыі Дубровенскага, Талачынскага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці. Пры прафсаюзе працавала юрыдычная служба, якая займалася дапамогай у вырашэнні праблем з працаўладкаваннем, незаконнымі звальненнямі, нявыплатамі заробкаў, іншымі працоўнымі спрэчкамі.

Апроч працы ў прафсаюзе, Васіль Бераснеў займаўся праваабарончай дзейнасцю. У Аршанскім рэгіёне ён быў прадстаўніком Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага абʼяднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт», якое, па рашэнні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, было ліквідаванае 30 верасня 2021 года. Таксама ён браў удзел у працы Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў, якая праводзіла ў Воршы і Аршанскім раёне грамадска-палітычныя і культурніцкія імпрэзы.

Юрка Жмых