Назіральная камісія наведала ўстановы: Віцебскі абласны следчы ізалятар № 2 і папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») № 9. Трэба адзначыць, што гэтыя пенітэнцыярныя месцы Віцебскай вобласці з'яўляюцца аднымі з многіх устаноў, якія насычаныя зняволенымі асуджанымі ці адбываюць пакаранні палітвязні.
Наведванне насіла выключна фармальны характар. На гэтую выснову паказвае нежаданне правяраючых сустрэцца з арыштаванымі і зняволенымі. Грамадскія назіральнікі абмежаваліся толькі гутаркамі з кіраўніцтвам і персаналам СІЗА і "хіміі".
У праграму маніторынгу месцаў зняволення ўваходзіла: вывучэнне ўмоў побыту, нормаў і якасць харчавання асуджаных, арганізацыя іх працаўладкавання, вольнага часу, медыка-санітарнага забеспячэння, магчымасці задавальнення іх духоўных інтарэсаў. Праўда правяралася гэта чыста тэарэтычна, бо ніводны сябра ГНК не адважыўся ўжыць турэмную ежу ці паляжаць на ложку зняволенага.
Тым не менш у сваёй справаздачы члены ГНК адзначылі эфектыўную працу кіраўніцтва правераных пенітэнцыярных установах «па фармаванні ў асуджаных патрэбы захавання маральных і прававых нормаў, адказнасці за свае ўчынкі».
Віталь Кажух