Якія абмежаванні могуць быць пасля вызвалення?
Аўтаматычна пасля адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ніякія абмежаванні, акрамя “статуса” судзімасці не накладаюцца. Гэта значыць, што пэўны час пасля вызвалення могуць быць больш цяжкімі наступствы новага злачынства: так, калі чалавек здзейсніць новае злачынства падчас перыяду судзімасці, пры разглядзе справы ў судзе гэта можа стаць абцяжарваючым фактарам пры вынясенні прысуду. Таксама ў перыяд судзімасці ёсць некаторыя абмежаванні паводле працы: напрыклад, нельга займаць пасады на дзяржаўнай службе.
Як зразумець, калі закончыцца тэрмін судзімасці?
Судзімасць будзе пагашаная аўтаматычна праз пэўны вызначаны законам час пасля вызвалення чалавека. Гэты час залежыць ад цяжкасці злачынстваў і можа складаць ад аднаго да васьмі гадоў. Напрыклад, для самых распаўсюджаных артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх разглядаюць палітычна матываваныя крымінальныя справы, працягласць судзімасці пасля вызвалення будзе складаць два гады. Гэта датычна ч. 1 арт. 342 ("удзел ці арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак"), арт. 368 ("абраза Лукашэнкі”), арт. 369 ("абраза прадстаўніка ўлады"), ч. 1 арт. 130 ("распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варожасці") Крымінальнага кодэкса.
Ці могуць на чалавека накласці прафілактычнае назіранне?
Так, людзей, якія адбылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, часта ставяць на прафілактычнае назіранне, якое цягнецца ўвесь тэрмін судзімасці. У такім выпадку ў чалавека з’яўляецца абавязак паведамляць органы ўлады – часцей за ўсё, гэта інспектары крымінальна-выканаўчай інспекцыі мясцовых РУУС – аб змене месца жыхарства, выездзе ў іншую мясцовасць на тэрмін больш за адзін месяц. Таксама чалавек, на якога накладзенае такое назіранне, мусіць па выкліку асобы, якая праводзіць нагляд, з’яўляцца ў орган, які ажыццяўляе гэтае назіранне.
Ці можна выязджаць з краіны пасля вызвалення?
Пасля вызвалення на тэрмін прафілактычнага ўліку – судзімасці – выезд з Беларусі чалавеку могуць часова абмежаваць “у мэтах нацыянальнай бяспекі". Але і ў такім выпадку магчымасць выехаць з краіны захоўваецца, каб атрымаць медычную дапамогу, якая не можа быць аказаная ў Беларусі. Нагодамі для выезду таксама могуць стаць цяжкія захворванні блізкіх сваякоў, якія жывуць па-за краінай, альбо смерць кагосьці з іх.
Ці ёсць у чалавека абавязак працаўладкавацца пасля вызвалення?
Згодна з задаканадаўствам, у чалавека няма абавязка працаўладкавацца ў дзяржаўную арганізацыю ці на любую іншую афіцыйную працу. Аднак на практыцы бачна, што органы ўлады могуць патрабаваць ад чалавека афіцыйнага працаўладкавання, і невыкананне гэтага патрабавання стварае рызыкі і можа паўплываць на працягласць і інтэнсіўнасць прафілактычнага назірання за чалавекам.
Ці абавязкова жыць па месцы рэгістрацыі?
Такога абавязку ў вызваленага чалавека няма, але ў той жа час нельга мяняць месца жыхарства без папярэдняга паведамлення. Звычайна першапачатковым месцам жыхарства лічыцца мейсца рэгістрацыі (прапіскі), за выключэннем, калі раней (напрыклад, падчас судовага пасяджэння) заяўляўся іншы адрас. Калі ж іншы адрас нідзе не заяўляўся, чалавек мусіць жыць па месцы рэгістрацыі ці паведаміць пра змену мейсца жыхарства.