Паводле сваячкі аднаго са зняволеных, які знаходзіцца ў гэтай калоніі, інфармацыя, што Пальчык хутка не будзе начальнікам ПК №1, з'явілася ў чаце, дзе размаўляюць родныя асуджаных, на пачатку сакавіка. Адной з дзяўчат, муж якой там сядзіць, нібыта трэба было падпісаць у Пальчыка заяву і яна доўга чакала, пакуль ён вызваліцца з нейкай нарады. Падчас гэтага чакання 1 сакавіка ахоўнік нібыта ёй сказаў, што ў Пальчыка сёння апошні працоўны дзень. А праз некалькі дзён з'явілася інфармацыя, што часовы выканаўца абавязкаў начальніка калоніі цяпер Вячаслаў Журко. Куды падзелі Пальчыка, гэты інфарматар не ведае.
Пра тое, што Андрэй Пальчык больш не начальнік ПК №1, «Зеркалу» расказаў і экс-палітвязень Аляксандр Кабанаў, які адбываў у гэтай установе частку тэрміну.
«Дзесьці месяц таму Пальчыка адправілі начальнікам калоніі-пасялення, якая цяпер будуецца або рэканструюецца. У якім горадзе, не памятаю, — кажа Аляксандр Кабанаў. — Ёсць цікавы нюанс: усе думалі, што Пальчык пойдзе начальнікам УДВП па Віцебску (гаворка аб Упраўленні Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Віцебскай вобласці), гэта значыць, на павышэнне. А тут яго адпраўляюць у калонію-пасяленне, якая рангам ніжэйшая за ПК».
Вячаслаў Журко, які цяпер часова выконвае абавязкі начальніка калоніі, пры Пальчыку быў, па словах Кабанава, намеснікам начальніка па аператыўнай і рэжымнай рабоце.
З чым менавіта звязаны перавод Андрэя Пальчыка з ПК №1, Аляксандр Кабанаў дакладна не ведае. Адна з яго здагадак: у калоніі было зашмат парушэнняў і «не дзейнічаць было непрыгожа».
У прыёмнай начальніка ПК №1, куды журналісты «Зеркала» патэлефанавалі як звычайныя грамадзяне, каб запісацца на прыём да кіраўніцтва, сказалі, што прыём грамадзян цяпер праводзіць «выканаўца абавязкаў». Пытанне, ці працуе яшчэ Андрэй Пальчык, пакінулі без адказу.