У лістах Жамчужны выказвае занепакоенасьць з нагоды трох крымінальных справаў, якія распачатыя і расьсьледуюцца ў дачыненьні да доктара Ігара Пастнова. На думку вязьня ПК №9, доктару-«праўдарубу» неабходна больш актыўна рыхтаваць сваю абарону, шукаць сьведкаў, знаходзіць кваліфікаванага адваката.
Спадар Міхаіл у курсе, што ў цяперашні час ідзе працэс у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску над грамадзянскім актывістам Пятром Івановым. Палітвязень уважліва сочыць за гэтым працэсам, лічыць Іванова мужным чалавекам, які кінуў выклік аўтарытарнаму палітычнаму рэжыму, які трывае ў Беларусі.
Аднак, на думку Жамчужнага, і Пастноў, і Іваноў «робяць тыя самыя памылкі, што і я гадоў 10 таму, і таму вынік па іх справах прадказальна адмоўны».
Знаходзячыся ў зьняволеньні, Міхаіл Ігаравіч удасканальваецца як праваабаронца, штудзіруе крымінальнае заканадаўства, аналізуе крымінальныя справы зьняволеных, выпрацоўвае агульныя падыходы па абароне людзей, якія трапілі ў жорны сьледзтва і суду. Вязень-праваабаронца гатовы дапамагчы ў любой крымінальнай справе, даць параду кожнаму, хто папросіць яго пра гэта. Ён прапануе ўсім, хто мае патрэбу ў яго дапамозе, даслаць яму копіі дакумэнтаў з апісаньнем акалічнасьцяў справы на адрас калёніі.
Калі такія ахвотныя знойдуцца, ён просіць іх пасьпяшацца з паштовымі пасланьнямі і пастарацца ўсё зрабіць да 5 лютага. Пасьля гэтай даты, на думку Міхаіла Жамчужнага, ён ізноў апынецца ў ШЫЗА і ня зможа цягам месяца каму-небудзь адказаць. «Толькі не ўжывайце ў тэкстах замежныя словы і літары, цынічныя выказваньні ў дачыненьні да ўладаў, жаргонныя выразы», – просіць палітвязень патэнцыйных кліентаў.
У лістах Жамчужны паведамляе калегам, што яму нічога ня трэба дасылаць: «Для адбыцьця тут мне нічога ня трэба – усё ёсьць! Ня першы год сяджу (8,5 гадоў, зь іх чатыры гады ў турме, паўгода ў карцэры/ШЫЗА, зь якіх сто сутак бесьперапынна».
Нягледзячы на ўсё гэта, ён, як піша, не пакутуе ні маральна, ні фізычна, яго ніхто не спрабуе прыніжаць і абражаць. Наадварот, многія падтрымліваюць і падзяляюць ягоныя палітычныя погляды і цьвёрдую пазыцыю ў дачыненьні да адміністрацыі калёніі.
Знаходзячыся ў складаных жыцьцёвых абставінах, Міхаіл Ігаравіч не забыўся сардэчна павіншаваць калегаў са сьвятамі і пажадаць ім здароўя і посьпехаў у цяжкай праваабарончай працы.
Лявон Яфрэменка