Серада, 12 Люты 2020

Віцебскі аблсавет паабяцаў падтрымаць праваабарончае таварыства, але – не грашыма

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

Праваабаронца і сябра простага таварыства «Правы для ўсіх» Павал Левінаў зьвярнуўся ў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў па фінансавую дапамогу і падтрымку ў справе абароны правоў чалавека ў рэгіёне. Старшыня аблсавету Уладзімер Цярэнцьеў у грашовай дапамозе адмовіў, але паабяцаў «разглядаць канструктыўныя прапановы».

Павал Левінаў паведаміў, што простае таварыства «Грамадзкі камітэт упаўнаважаных па правах чалавека «Правы для ўсіх» быў створаны 9 сьнежня 2019 году – у дзень 21-й гадавіны прыняцьця Генэральнай асамблеяй ААН Дэклярацыі аб праве і абавязках асобных грамадзян, груп і органаў грамадзтва заахвочваць і бараніць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды.

Спасылаючыся на Закон «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні», Левінаў ад імя грамадзкага камітэту зьвярнуўся ў абласны савет з просьбай аб дзяржаўнай падтрымцы: папрасіў вылучыць з бюджэту сродкі для аплаты простым таварыствам арэнды офіснага памяшканьня ў Віцебску. Выказаў таксама пажаданьне запрашаць прадстаўнікоў камітэту на паседжаньні Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў. Апроч таго – вызначыць зь сябраў прэзыдыюму аблсавету адказную асобу, якая б падтрымлівала стасункі з прадстаўнікамі простага таварыства «Правы для ўсіх».

У пісьмовым звароце Павал Левінаў падкрэсьліў, што ў Рэспубліцы Беларусь да сёньня адсутнічае інстытут упаўнаважаных па правах чалавека, мясцовыя саветы таксама не стварылі пастаянныя камісіі для разьвязаньня пытаньняў датрыманьня правоў і свабод грамадзян.

Між тым, Беларусь займае ганебнае «першае» месца ў сьвеце па колькасьці зваротаў у Камітэт ААН па правах чалавека. На 1 студзеня 2020 году Камітэтам, у прыватнасьці, было зарэгістравана 322 індывідуальных паведамленьня ў дачыненьні Рэспублікі Беларусь. Парушэньняў не знайшлі толькі ў двух зь іх. На разглядзе знаходзяцца яшчэ 166 паведамленьняў зь Беларусі…

Старшыня Віцебскага абласнога Савету Уладзімер Цярэньцьеў адмовіў таварыству ў дзяржаўнай фінансавай дапамозе на аплату арэнды офісу, спаслаўшыся на Загад №106 ад 23 сакавіка 2016 году. Паводле гэтага прэзыдэнцкага загаду, «дзяржаўная фінансавая падтрымка даецца суб'ектам гаспадараньня ў межах дзяржаўных праграм для рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў, якія забясьпечваюць падвышэньне прыбытковасьці вырабленых тавараў (работ, паслуг) і зьніжэньне іх сабекошту».

Між тым, Цярэньцьеў сьцьвердзіў, што «Віцебскі абласны Савет дэпутатаў адкрыты для супрацоўніцтва ў пытаньнях абароны правоў чалавека, гатовы разглядаць канструктыўныя прапановы ў гэтай тэматыцы, якія ня будуць супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь».

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.