Нядзеля, 23 Май 2021

Пракуратура і СК не змаглі знайсці арганізатараў телеграм-зліваў у справе Баразны

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)

Праваахоўныя органы не змаглі знайсці вінаватых у зʼяўленні пакаяннага відэазвароту актывіста з Віцебску Алега Баразны на телеграм-канале «Наши сливы». Пра адмоўны вынік сваіх намаганняў яны паведамілі праваабаронцу Паўлу Левінаву.

Гэтая скандальная следчая гісторыя пачалася з таго, як 15 красавіка 2021 году на телеграм-канале «Нашыи сливы» быў размешчаны відэаролік. На ім бачна, як віцебскі актывіст Алег Баразна, які знаходзіцца ад 9 лютага 2021 году у СІЗА №2 Віцебску, распавядае пра сваю дзейнасць у межах мінулай выбарчай кампаніі. Пры гэтым - выдае дадзеныя папярэдняга расследавання.

Днём пазней гэты самы відэаролік быў размешчаны на YouTube-канале «Жулики Беларусі».

На думку праваабаронцы, следствам быў парушаны артыкул 198 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ, які не дапускае выдавання дадзеных папярэдняга расследавання без дазволу следчага.

Намеснік начальніка ўпраўлення СК па Віцебскай вобласці палкоўнік юстыцыі Андрэй Гушча паведаміў Паўлу Левінаву, што ўстанавіць, кім выраблены і размешчаны ў Інтэрнэце відэазапіс, не ўяўляецца магчымым.

На думку Гушчы, відэазапіс не ўтрымлівае якіх-небудзь дадзеных папярэдняга следства, разгалошванне якіх супярэчыць інтарэсам папярэдняга расследавання, а таксама дадзеных, звязаных з парушэннем правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў крымінальнага працэсу.

Намеснік пракурора Віцебскай вобласці старшы саветнік юстыцыі Уладзімір Гук не стаў разглядаць заяву праваабаронцы аб парушэнні следствам правоў Алега Баразны па сутнасці, спаслаўшыся на тое, што крымінальна-працэсуальным законам не прадугледжаная электронная форма падачы такога роду скаргаў трэцяй асобай на карысць ўдзельніка крымінальнага працэсу.

Павел Левінаў катэгарычна не згадзіўся з пазіцыяй высокіх службовых асобаў абласнога УСК і пракуратуры.

«Каб выявіць, кім, калі і дзе выраблены відэазапіс, трэба ўсяго толькі апытаць Алега Баразну, а затым па ланцужку апытанняў ўсталяваць таго, хто відэазапіс размясціў  у публічным доступе. Не трэба шмат высілкаў, каб ўсталяваць і службовую асобу – гаспадара кабінета, у якім гэты відэазапіс быў праведзены, і апытаць яго», - падказвае Левінаў праваахоўнікам просты алгарытм пошуку вінаватых у парушэнні дзейнага крымінальнага заканодаўства.

Міхась Пісараў