У канцы сакавіка 2021 году ў спіс забароненых Тэлеграм-каналаў трапілі два віцебскіх паблікі - «Віцебск 97%» і «Чат неверагоднага Віцебска». Ініцыятыва забароны гэтых інтэрнэт-выданняў належала галоўнаму ўпраўленню па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС па Віцебскай вобласці.
На думку праваахоўнікаў, у віцебскіх Тэлеграм-каналах неаднаразова размяшчаліся заклікі да пашкоджання маёмасці дзяржорганаў і грамадзян, да масавых беспарадкаў, хуліганства, вандалізму, супраціву міліцыянтам. Нібыта на каналах з'яўляліся абразы на адрас прадстаўнікоў праваахоўных органаў, а таксама дзяржслужбоўцаў. Мэта такіх матэрыялаў, лічаць міліцыянты, ёсць змяненне канстытуцыйнага ладу Беларусі. Цяпер публікацыя або рэпост інфармацыі з названых каналаў пацягне адміністрацыйнае пакаранне.
У сваёй скарзе праваабаронца Павел Левінаў настойвае на тым, што сваім рашэннем суд парушыў права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі шырокага кола асоб. Бо на канале «Віцебск 97%» больш 8100 падпісчыкаў, а на канале «Чат неверагоднага Віцебска» іх - 7600. Нягледзячы на гэтая аргументы, 12 красавіка 2021 года суддзя суду Чыгуначнага раёну Віцебску Святлана Варатынская, якая, верагодна, і прыняла рашэнне аб забароне каналаў, вынесла вызначэнне аб адмове ў прыняцці апеляцыйных скаргаў Левінава, матываваўшы гэта тым, што ён не з'яўляецца юрыдычна зацікаўленай асобай.
Гэтае рашэнне праваабаронца аспрэчыў, падаўшы прыватныя скаргі ў Віцебскі абласны суд.
29 красавіка суд Чыгуначнага раёну Віцебску паведаміў Левінаву, што калегія па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суда ў бліжэйшы час разгледзіць ягоныя прыватныя скаргі па сутнасці. Разляд адбудзецца 24 траўня ў будынку аблсуду ў 14-30 і 15-00 (два паседжанні па кожным канале).
Міхась Пісараў